Этнацыд беларусаў: Арцём Гарбацэвіч – Дзень горада ў Заслаўі будзе прасякнуты казацкай атмасферай, у арганізатарах свята тры расійскія структуры, спрычыніўся і «Румол»

Наша Ніва

У Заслаўі 26 жніўня будзе адзначацца Дзень горада. Сёлета Заслаўю — гораду, заснаванаму ў часы Рагнеды, — 1033 гады.

Але калі паглядзець на афішу, то ў вочы кідаецца «Казачая джыгітоўка» і «Ансамбль казачай песні». Гэта тая культурная праграма, якая мае быць на свяце адной з калысак беларускай культуры?

На афішы называюцца арганізатары свята ў Заслаўі. Мерапрыемства аплачваецца арганізацыямі па прасоўванні ідэалогіі, выгаднай суседняй дзяржаве: «Домам Масквы» і Россупрацоўніцтвам, у гэтай жа кагорце ідзе Дэпартамент міжнародных сувязяў Масквы. Сімвалічна, што нават на гэтай афішы ўласна Заслаўскі выканкам пазначаны ў самым канцы.

Як Заслаўе дайшло да такога жыцця, што праграма гарадскога свята вызначаецца расіянамі? Мы адрасавалі гэтае пытанне старшыні Заслаўскага гарвыканкама Святлане Карташовай.

Яна не здолела нічога сказаць па сутнасці, з прычыны «нарады» папрасіла патэлефанаваць пазней і паклала слухаўку. Больш на званкі Карташова не адказвала.

Святлана Карташова, фота млын.by

У прыёмнай жа патлумачылі, што ідэалагічную работу ў горадзе курыруюць у Мінскім райвыканкаме, а канкрэтна — начальнік аддзела ідэалогіі Сяргей Шаблыка.

У размове з «Нашай Нівай» Шаблыка паказаў поўную неабазнанасць у справах падначаленай тэрыторыі:

«Гэта рыхтуе выканкам сумесна з гарадскім Домам культуры. Гэта мерапрыемства раённага значэння, як я называю, звярніцеся ў горад», — парэкамендаваў ён па тэлефоне.

Сяргей Шаблыка справа, фота pristalica.by

Адметна і іншае — мерапрыемства ў Заслаўі актыўна ўзяліся піярыць у інтэрнэце актывісты расійскай нацыяналістычнай арганізацыі «Румол», якая існуе ў Беларусі ў шчыльнай звязцы з «Россупрацоўніцтвам».

Кіруе «Румолам» неанацыст Сяргей Лушч, пра яго мы дэталёва расказвалі.

Чытайце таксама: Неанацызм і змаганне з «юда-хрысціянскай акупацыяй»: спецматэрыял пра кіраўніка «Румола» Сяргея Лушча

Мерапрыемства антысеміцкай паганскай секты «Схорон Еж Словен», праз якую прайшоў шэраг актывістаў «Румола» уключна з кіраўніком Сяргеем Лушчом

Спробамі прасунуць рэкламу гэтага «Дня горада» займаецца бліжэйшы паплечнік Лушча — Дзмітрый Перс.

Як паведамляюць «Нашай Ніве» крыніцы ў асяродку рэдактараў буйных суполак, учора гэты чалавек спрабаваў на біржы рэкламы «УКантакце» прасунуць анонс падзеі ў Заслаўі.

«Заслаўе — найвыбітны гісторыка-культурны цэнтр не толькі Белоруссіі, але і Расіі», — пісаў ён.

Але ніводная буйная мінская суполка рэкламу не ўзяла — гэта была пазіцыя рэдактараў. У прыватнасці, пра гэта нам сказаў адміністратар пабліка «Гэта Мінск, дзетка!».

Скрыншот з перапіскі рэдактараў буйных беларускіх паблікаў УКантакце

Рэклама з’явілася толькі ў пабліку Заслаўя, дзе адразу ж выклікала неадназначную рэакцыю карыстальнікаў.

Скрыншот абмеркавання допіса ў суполцы «Тыповае Заслаўе»

Здавалася б, а пры чым тут «Румол»?

Як пазначана на сайце пасольства Расіі ў Беларусі, «Румол» яшчэ летась засвяціўся як арганізатар нейкага мерапрыемства ў Заслаўі, але тады гэта прайшло незаўважна.

Відаць, сёлета гэтую адыёзную арганізацыю вырашылі публічна не рэкламаваць, але яе актывісты ўсё роўна абазначылі сябе ў спробах прасоўвання рэкламы.

«Гэта ўсё сумна, гэта падмена беларускай культуры і навязванне чужынскай, — мяркуе кіраўнік «Арт-сядзібы», арганізатар многіх культурніцкіх падзей Павел Белавус. — Праблема, што ад нашай беднасці той, хто дае грошы, замаўляе банкет. Чыноўнікі не думаюць пра ідэалагічныя аспекты і пра небяспечныя наступствы, якія гэта ўсё нясе. Як бы рабіў я? Мне вельмі падабаюцца такія фэсты, як Viva Braslau, «Лід Бір», словам, падзеі, скіраваныя на папулярызацыю ўнутранага турызму. Заслаўе — гэта патэнцыял. Гэта брэнд горада з вялікім гістарычным бэкграўндам. Якое казацтва? Яго там ніколі не было, ніякай сувязі між горадам і казацтвам няма. Трэба было б дадаць гістарычнасці, рыцарскай атмасферы, духу горада, які стаіць напачатку беларускай нацыі і свядомасці. «Тут пачыналася Беларусь», — такім пасланнем можна аб’яднаць Заслаўе і яшчэ шэраг нашых гарадоў. Я б развіваўся ў гэтым кірунку».

Павел Белавус справа, у цэнтры прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас

«Хай запрашаюць Касю Камоцкую, Лявона Вольскага. Ім беларускіх гуртоў мала, трэба казакі? У нас ёсць каму выступаць, паверце, народу будзе ў тысячу разоў болей, чым гледачоў казацкай джыгітоўкі. Заслаўе трэба ператварыць у месца штогадовых рыцарскіх фэстаў, ніякіх казакаў нам не трэба», — раіць былы кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Дарэчы, цягам падрыхтоўкі матэрыяла допіс з рэкламай мерапрыемства ў пабліку «Тыповае Заслаўе» знік — яго выдаліў адміністратар пасля скаргаў карыстальнікаў.


https://nn.by/?c=ar&i=214825



Categories: Нацыя Беларусы, Этнацыд беларусаў

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: