Натальля Гардзіенка: УПЛЫЎ ІМІГРАЦЫЙНАЙ ПАЛІТЫКІ КАНАДЫ НА ФАРМАВАНЬНЕ ХВАЛЯЎ БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ

Натальля Гардзіенка Менск

Артыкул апублікаваны ў выданні “ЗАПІСЫ”, 2018, с. 640-654.

УПЛЫЎ ІМІГРАЦЫЙНАЙ ПАЛІТЫКІ КАНАДЫ НА ФАРМАВАНЬНЕ ХВАЛЯЎ БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ

Іміграцыйная палітыка ёсьць неад’емнай часткай гісторыі Канады ад часоў зьяўленьня першых пасяленцаў на берагах ракі Сьв. Лаўрэнція. Цягам стагодзьдзяў прырост насельніцтва шмат у чым адбываўся дзякуючы імігрантам, што паступова асвойвалі ўсё новыя тэрыторыі, ствараючы перадумовы для ўзьнікненьня на мапе сьвету ў другой палове ХІХ ст. новай дзяржавы. Акт аб Брытанскай Паўночнай Амэрыцы 1867 г. аб’яднаў у адну дзяржаўную сыстэму — Канаду — 4 правінцыі: Антарыё, Квэбэк, Новую Шатляндыю й Нью-Брансьвік, у хуткім часе (1871 г.) да іх далучылася аддаленая Брытанская Калюмбія, пазьней дадаліся й іншыя (Манітоба, Саскачавань, Альбэрта, Ньюфаўндлэнд і г. д.). І хоць фармальна Канада заставалася ў складзе Брытанскай імпэрыі, яна атрымала ўласны ўрад і магчымасьць самастойна вызначаць сваю ўнутраную, а пазьней і зьнешнюю палітыку.

На момант стварэньня дзяржавы ў чатырох правінцыях Канады жыло толькі каля 3 млн чалавек. Перапіс 1871 г. зафіксаваў, што з 3 485 761 жыхароў[1] брытанскае паходжаньне мелі каля 2,1 млн чалавек, зь якіх 846 тысяч складалі ірландцы, 706 тысяч — ангельцы, 550 тысяч — шатляндцы. Франкаканадцы на той час налічвалі каля 1083 тысячы чалавек. Пры гэтым цягам 1861—1870 гг. з Канады больш выяжджалі, чым туды прыяжджалі — краіна была своеасаблівым перавалачным пунктам для эміграцыі ў ЗША, дый уласнае насельніцтва актыўна перабіралася да паўднёвых суседзяў для асваеньня на прывабных умовах земляў амэрыканскага Захаду. Фэдэральны канадыйскі ўрад, які меў вызначальную ролю ў вырашэньні пытаньняў іміграцыйнай палітыкі, мусіў дзеля актывізацыі эканамічнага разьвіцьця краіны й загаспадараньня вялікіх тэрыторыяў стымуляваць іміграцыю.

Для гэтага ў 1869 г. быў прыняты першы Іміграцыйны акт у Канадзе. У гэтым дакумэнце вызначаўся мэханізм прыбыцьця імігрантаў, рэглямэнтавалася магчымая колькасьць імігрантаў на караблі ў залежнасьці ад ягонага танажу, памер падатку з кожнага імігранта (пераважна складаў адзін даляр з чалавека), адказнасьць перавозчыка й г. д. Іміграцыйны акт меў на мэце стварыць умовы для кантраляванага, рэгуляванага прыбыцьця ў краіну замежнікаў. У ім фармуляваліся абавязкі перавозчыкаў па дакладным уліку імігрантаў, вызначаліся непажаданыя для ўезду ў краіну асобы: лунацікі, сляпыя, глухія, нямыя, псыхічнахворыя.

 

Таксама адзначалася, што фэдэральны ўрад меў права абмежаваць прыбыцьцё ў краіну жабракоў і асацыяльных асобаў2 [2]. Падставаў для прыцягненьня працоўных рук у Канаду было некалькі. Па-першае, урад выкупіў у Кампаніі Гудзонскай затокі вялікія абшары земляў паміж Антарыё й Брытанскай Калюмбіяй —тэрыторыі, якія неабходна было асвойваць і засяляць (яны з часам склалі найперш правінцыі Манітоба, Альбэрта, Саскачавань). Па-другое, трэба было наладзіць сталую транспартную сувязь паміж тэрыторыямі на ўсходнім і заходнім узьбярэжжах Канады — нарадзіўся праект пабудовы Трансканадзкай чыгункі, які патрабаваў працоўных рук. Па-трэцяе, у працэсе асваеньня канадыйскіх земляў знаходзіліся ўсё новыя радовішчы карысных выкапняў (вугалю, руды й інш.), што патрабавалі распрацоўкі.

Пад уплывам усіх гэтых фактараў ад 1870-х гг. Канада пачала актыўна запрашаць імігрантаў, у выніку чаго пашырыўся нацыянальны склад яе насельніцтва: на захадзе сталі зьяўляцца кітайцы, а з усходу ехалі немцы, шведы, нарвежцы, ісьляндцы, італьянцы, габрэі, палякі, украінцы ды інш. Можна сьцьвярджаць, што на падставе Іміграцыйнага акту 1869 г. да канца ХІХ ст. на іміграцыю ў Канаду не было амаль ніякіх абмежаваньняў (за выключэньнем хваробаў). Ад 1885 г., праўда, канадыйскі парлямэнт пачаў стрымліваць кітайскую іміграцыю: быў уведзены падатак у памеры 50 даляраў на кожнага кітайца, які прыбываў у краіну.

Выглядае, што менавіта ў другой палове ХІХ ст. у Канаду сталі прыяжджаць выхадцы зь беларускіх тэрыторыяў. Прынамсі вядома пра пасяленне пад назвай Вільня, якое зьявілася ў Атаўскай даліне ў правінцыі Антарыё ў 1865 г. Праўда, у літаратуры яно фіксуецца як польскае[3] . Іміграцыя спрычынілася да пачатку бурнага эканамічнага ўздыму ў Канадзе на мяжы ХІХ — ХХ стст., які атрымаў назву “пшанічны бум” (дзякуючы ўздыму сельскай гаспадаркі на новаасвоеных землях Манітобы, Альбэрты, Саскачавані). У гэты час да ўлады ў краіне прыйшлі кансэрватары на чале з Уілфрэдам Лур’е, які абвясьціў новую іміграцыйную палітыку, заснаваную на селектыўных прынцыпах.

У 1906 г. быў прыняты значна больш дэталёва распрацаваны, чым папярэдні, Іміграцыйны акт, які заклаў аснову канадыйскай іміграцыйнай сыстэмы. Дакумэнт дакладна вызначаў іміграцыйную тэрміналёгію, арганізацыю іміграцыйнай службы, магчымасьці зьмены правілаў, мэханізмы прыёму, мэдыцынскага агляду і ўліку імігрантаў і г. д. [4],[5]. Важная частка Акту датычыла вызначэньня забароненых для іміграцыі катэгорыяў. Сярод іх былі псыхічнахворыя, асобы з інфэкцыйнымі хваробамі, а таксама глухія, сляпыя й нямыя асобы (за выключэньнем выпадкаў, калі яны прыбываюць да сям’і, якая ўжо жыве ў Канадзе й можа іх забясьпечыць усім неабходным). Забараняўся ўезд у Канаду жабракам, злачынцам, прастытуткам і суценёрам. Іміграцыйны акт зьмяшчаў таксама артыкулы, якія датычылі абароны правоў імігрантаў, рэгуляваў дзейнасьць іміграцыйных агентаў, уладальнікаў гатэляў, перавозчыкаў і г. д. у дачыненьні да імігрантаў. Варта зазначыць, што Іміграцыйны акт даваў фэдэральнаму ўраду выключныя правы на абмежаваньне іміграцыі пэўных групаў. Тыя ж правы зацьвердзіў і нават пашырыў Іміграцыйны акт 1910 г., які прадугледжваў магчымасьці для ўраду забараніць уезд у краіну або дэпартаваць любога імігранта. Новы дакумэнт яшчэ больш дэталёва распрацоўваў іміграцыйную тэрміналёгію, вызначаў катэгорыі імігрантаў і неімігрантаў, уводзіў панятак дазволу на сталае жыхарства (domicile), які мусіў атрымаць кожны імігрант праз тры гады жыцьця ў краіне. Да гэтага часу ён мог быць дэпартаваны, калі б быў вызначаны як непажаданы для грамадзтва. Яшчэ больш пашырыўся й дэталізаваўся сьпіс забароненых для ўезду асобаў: да злачынцаў, суценёраў, прастытутак, псыхічнахворых і іншых, што згадваліся ў папярэдніх актах, дадаліся асобы, якія прыбывалі ў Канаду на запрашэньне дабрачынных арганізацый. Гэта было выклікана вялікай колькасьцю беднякоў, што ад 1907 г. сталі прыбываць праз Брытанію дзякуючы дапамозе харытатыўных інстытуцыяў. У Акце была таксама пазначана магчымасьць дэпартацыі з Канады палітычных уцекачоў, што заклікалі да гвалтоўнага зьвяржэньня ўлады й парушалі грамадзкі парадак5 . Іміграцыйны акт 1910 г. на дзесяцігодзьдзі вызначыў прынцыпы іміграцыйнай палітыкі Канады і стварыў умовы для прыезду значнай колькасьці імігрантаў. Цягам 1897—1929 гг. у краіну штогод прыбывала да 140 тысяч чалавек. За першыя тры дзесяцігодзьдзі ХХ ст. у Канаду прыехалі каля 4,6 млн імігрантаў, зь якіх каля 3,2 млн — да Першай сусьветнай вайны. Выехалі з краіны пры гэтым 3,4 млн, такім чынам, станоўчае сальда міграцыі склала 1,2 млн чалавек, — больш за 20 % ад насельніцтва краіны на пачатку стагодзьдзя.

У саміх іміграцыйных актах не вызначаліся тыя ці іншыя этнічныя ці нацыянальныя адметнасьці жаданых ці нежаданых імігрантаў, за выключэньнем пазнакі ў акце 1910 г. пра спэцыяльныя ўмовы для кітайскай іміграцыі, сфармуляваныя адмысловым дакумэнтам. Праз пэўныя пастановы парлямэнту пачатку ХХ ст., тым ня менш, былі агавораныя своеасаблівыя групы пераважнага спрыяньня. Так, перавага аддавалася прыбылым зь Вялікабрытаніі, кантынэнтальнай Эўропы й ЗША. Выразна абмежаваная была іміграцыя з Кітаю. Паводле адмысловай пастановы 1910 г. кожны кітаец павінен быў мець пры ўезьдзе ў Канаду 200 даляраў, у той час як іншыя імігранты абмяжоўваліся 25 далярамі. Да таго ж жыхары Паднябеснай не маглі прыбываць у Канаду праз трэція краіны. Усё гэта на доўгі час амаль спыніла кітайскую іміграцыю ў краіну.

Разам з тым этнічны склад імігрантаў у ХХ ст. істотна зьмяніўся. І хоць па-ранейшаму пераважаў сярод іх брытанскі элемэнт (англічане сталі значна пераважаць, а ірляндцаў стала меней), прадстаўніцтва эўрапейцаў у краіне значна пашырылася. Найбуйнейшымі групамі небрытанскага эўрапейскага паходжаньня былі ўкраінская (за 30 гадоў прыехала каля 180 тысяч), італьянская (150 тысяч), нямецкая (130 тысяч), габрэйская (120 тысяч), расейская (каля 114 тысяч выхадцаў з Расейскай імпэрыі па-за габрэямі й украінцамі) і інш.

Другі важны прынцып выбару імігрантаў датычыў іх галіны занятасьці — патрабаваліся найперш сельскагаспадарчыя працаўнікі, а таксама нізкакваліфікаваная працоўная сіла ў прамысловасьці й будаўніцтве. Актыўна запрашалі працоўных імігрантаў вялікія кампаніі кшталту Canadian Pacifi c і інш. Такім чынам, іміграцыйная палітыка Канады пачатку ХХ ст. была арыентаваная на стварэньне ўмоваў для легальнай, кантраляванай працоўнай іміграцыі. І менавіта ў гэты час прыкладна ад 1902—1903 гг. пачынаецца масавая эміграцыя ў гэтую краіну беларусаў.

Можна казаць пра дзьве вялікія хвалі беларускай эміграцыі ў Канаду: хваля 1903— 1914 гг. (у выніку на 1921 г. у Канадзе было каля 9 тысяч беларусаў) і хваля 1925—1929 гг. (за пяць гадоў у Канаду выехалі каля 10 тысяч беларусаў). Значныя зьмены ў іміграцыйнай палітыцы Канады адбыліся ў 1930 г., і зьвязаныя яны былі з сусьветным эканамічным крызісам ды потым Другой сусьветнай вайной. У выніку й прыезд зь беларускіх тэрыторыяў значна скараціўся. Цягам 1930-х гг. зь беларускіх ваяводзтваў Польшчы яшчэ выяжджалі ў Канаду ў сярэднім каля 200 чалавек штогод, але ад 1939 г. гэты працэс спыніўся.

Канец 1940-х — сярэдзіна 1960-х гг. — час новай актыўнай палітыкі запрашэньня імігрантаў у Канаду, якая пры гэтым захавала прынцыпы сэлектыўнасьці. Да сярэдзіны 1960-х гг. захоўвалася вызначэньне прыярытэтных рэгіёнаў для запрашэньня імігрантаў (сярод іх былі 644 Натальля ГАРДЗІЕНКА й Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа, уцекачы зь якіх запрашаліся ў Канаду, праўда, ня так з гуманітарных мэтаў, як працоўныя імігранты). Таксама зважалася на сфэру занятасьці патэнцыйных працаўнікоў, яе адпаведнасьць патрэбам канадыйскай эканомікі. У гэты пэрыяд пачынаецца ўжо новая хваля эміграцыі беларусаў у Канаду, якая ішла не непасрэдна зь Беларусі, а з краінаў Заходняй Эўропы, дзе беларусы апынуліся або як жаўнеры Арміі Андэрса, або як перамешчаныя асобы. Прычым для новапрыбылых беларусаў іміграцыя мела, хутчэй, не эканамічныя, а менавіта палітычныя прычыны, што зрабіла гэтую хвалю прынцыпова адрознай ад папярэдніх. Прычым колькасьць новапрыбылых беларусаў ацэньваюць у каля 20 тысяч чалавек.

Сярэдзіна 1960-х —сярэдзіна 1980-х гг. —час, калі канадыйскі ўрад адмовіўся ад нацыянальных абмежаваньняў у дачыненьні да імігрантаў, што выклікала вялікую хвалю іміграцыі найперш з краінаў Азіі. Аднак гэтыя зьмены фактычна не закранулі беларусаў, ня выклікалі новую хвалю нашай эміграцыі, бо магчымасьці выезду з БССР былі абмежаваныя, і адзіныя, хто зь беларусаў трапляў у гэты час у Канаду, былі паасобныя нараджэнцы Беласточчыны.

Сярэдзіна 1980-х — пачатах 2000-х гг. — канадзкая іміграцыйная палітыка канчаткова сканцэнтравалася на запрашэньні імігрантаў паводле прыкметаў прафэсіі й адукацыі, зь неабходным дадаткам гуманітарных падставаў. Канадыйскі парлямэнт штогод ад 1981 г. стаў зацьвярджаць колькасныя квоты перасяленцаў, прычым колькасьць з часам павышалася. І перавага стала аддавацца высокакваліфікаваным спэцыялістам. У выніку ад канца 1980-х — пачатку 1990-х гг., калі былі зьнятыя абмежаваньні на выезд з СССР, у Канаду сталі зноў прыбываць беларусы, найбольш — занятыя ў галіне інфармацыйных тэхналёгій. У выніку да канца 1990-х гг. сфармавалася новая адметная постсавецкая хваля эміграцыі беларусаў.

Ад пачатку 2000-х гг. адбыліся некаторыя зьмены ў канадыйскай іміграцыйнай палітыцы. У 2002 г. быў прыняты новы Закон аб іміграцыі, які абвясьціў новую палітыку “адчыненых дзьвярэй” з новым пашырэньнем магчымасьцей прыняцьця імігрантаў. Менавіта ў гэты час назіраецца й актыўны прыцёк новых беларускіх імігрантаў у Канаду. І хоць ён быў больш актыўны, чым у 1990-я гг., аднак яго можна разглядаць як працяг тае самае постсавецкай хвалі эміграцыі, у выніку чаго ў Канадзе апынулася да 10 тысяч беларусаў. Аналіз мэханізмаў і зьместу іміграцыйнай палітыкі Канады дазваляе сьцьвярджаць, што яна мела значны ўплыў на характар і колькасны склад беларускай эміграцыі ў гэтую краіну. Разам з тым на фармаванне хваляў эміграцыі ўплывалі таксама ў вялікай ступені фактары, зьвязаныя з сытуацыяй і міграцыйнай палітыкай на самой беларускай тэрыторыі.

[1] Census of Canada 1870—1871 = Recensement de Canada. Vol. I. Ottawa, 1873. P. 426.

[2] https://www.pier21.ca/research/immigration-history/immigration-act-1869.

[3] Шлепаков, А. Славянские группы Канады // Национальные проблемы Канады. Москва, 1972. С. 137.

[4] http://www.pier21.ca/research/immigration-history/immigration-act-1906.

[5] https://www.pier21.ca/research/immigration-history/immigration-act-1910.



Categories: Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: