Прадмова рэдактара да 23-га нумара часопіса “Культура. Нацыя”, красавік 2019

 

logo for chasopis

Добры дзень, паважаныя чытачы!

Чарговы нумар часопіса “Культура. Нацыя” выходзіць у час, калі існаваньне беларускай нацыі зноў знаходзіцца пад іспытам неспрыяльных для яе знешніх і ўнутраных фактараў. Так, за апошнія шэсць месяцаў абвастрыліся палітычныя і эканамічныя праблемы, якія ідуць ад нашага усходняга суседа. Пытанне пастаўлена рубам – ці Беларусь вымушана будзе ісці ў строгім фарватэры расійскай палітыкі ці кіраўніцтву краіны ўдасца ў чарговы раз выкруціцца з крытычнай сітуацыі. Аб гэтым сведчаць шматлікія факты – бясспрэчная заява старшыні міністраў РФ, сп. Мядзведзева аб неабходнасці паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы (дагавор аб стварэньні якой падпісаны ў 1999 годзе Лукашэнкам і Ельцыным), прызначэньне ў Беларусь агрэсіўнага, недасведчанага, што да нашай гісторыі, расійскага пасла М. Бабіча, пагрозы павышэньня коштаў на нафту для Беларусі, “яблычныя і грушавыя войны”, і г.д.

На старонках часопіса неаднаразова выказвалася думка, што рызыковае тактычнае балансаваньне прэзідэнта Лукашэнка паміж Расіяй і Захадам мусіць прывесці да стварэньня менавіта такой сітуацыі, калі агрэсіўны еўразійскі рух Расіі на Захад будзе бясспрэчна дыктаваць беларусам палітычныя і эканамічныя умовы, якія непазбежна прывядуць, рана ці позна, да паглынаньня Беларусі Расіяй. Вынікам такой “балансаванай” палітыкі сталася тое, што цяпер беларускі ўрад вымушаны прасіць чарговыя расійскія крэдыты на пагашэньне даўгоў, адтэрміноўку выплат 10-міліярднага крэдыту на будаўніцтва атамнай электрастанцыі, і г. д. Да гэтага дадаўся правал у правядзеньні змен у эканамічнай сферы.

У першую чаргу такому сумнаму выніку спрыяе адсутнасць выразнай стратэгічнай лініі ў беларускага кіраўніцтва ў адносінах да Расіі.  Пакуль што прэзідэнт Лукашэнка, у адказ на шматлікія прыклады “закручваньня гаек” з боку Масквы, абмежаваўся заявай аб магчымасці перакрыць нафтапровад, які ідзе з Расіі на захад па беларускай тэрыторыі. Такім чынам, паміж дзвюма краінамі цяпер ужо ў адкрытую ідзе раней нябачная вайна – “мяккая каланізацыя” з боку Расіі і спробы ёй супрастаяць з боку Беларусі. Аднак, калісьці прыйдзецца аб такой стратэгіі заявіць – цяперашняму ці будучаму ураду! Час прыспешвае! Ва  Украіне, нашай суседцы па усходнеславянскай цывілізацыі,  прайшлі выбары прэзідэнта. Будзем спадзявацца, што курс Украіны на захад (ЕС і НАТО) не зменіцца, што безумоўна мела бы станоўчы уплыў на далейшы геапалітычны выбар Беларусі. Аб сучасных адносінах Беларусі і Расіі чытайце ў артыкуле “Куды завялі цябе – беларус?”

Што найбольш сумна ў сёняшняй сітуацыі гэта тое, што ў спробах спадабацца галоўнаму крэдытору, у аўтарытарнай беларускай краіне амаль вынішчаны слой нацыянальна-сьвядомых людзей ці па крайней меры задаўлена максімальна ажыццяўленьне імі так патрэбных для будучай Беларусі функцый – гэта нацыянальная асьвета і адукацыя, выхаваньне дэмакратычных поглядаў і культуры, уключаючы выбары, станаўленьне самаідэнтыфікацыі ў насельніцтва,  стварэньне  грамадзянскай супольнасці, і г. д.

Пад выглядам умацаваньня свайго “асобнага” суверэнітэту, заснаванага не на нацыянальных, а на пост-нео-савецкіх каштоўнасцях, адціснуты далёка на перыферыю сапраўдны суверэнітэт нацыянальнай дзяржавы. На жаль, асновай такога адмоўнага стаўленьня да ўсяго нацыянальнага з’яўляецца ментальнасць і светапогляд аднаго чалавека, прэзідэнта Лукашэнкі, які здолеў за 25 год свайго кіраваньня падпарадкаваць сабе ўсё і ўсіх. Без яго згоды нічога ў краіне не робіцца. Відавочна, што без яго не абышлося як пры зносе крыжоў у Курапатах, так і пры маўклівым адмаўленьні постаці К. Каліноўскага, як нацыянальнага героя.

Загадаў сп. Лукашэнка знесці крыжы ў Курапатах – зносяць. Ні пратэсты святароў асноўных канфесій, ні нешматлікія пратэсты грамадскасці – вынікаў не далі. Сп. Лукашэнку, які па інфармацыі сам ні разу не быў у Курапатах, акружаюць асобы з сумніўнымі адносінамі да ўсяго беларускага – ходзяць у форме НКВД, збудавалі помнік царскаму паліцэйскаму і ахоўваюць яго, і да гэтага часу не ведаюць, хто пахаваны на гэтым народным мемарыяле. А сам сп. Лукашэнка 19 красавіка на “ленінскі” суботнік паехаў не ў Курапаты, а быў на пацешнай “лініі Сталіна”. Ім варта было б пачытаць архіўныя звесткі, сабраныя Мараковым – дзе пералічаны дзесяткі тысяч знішчаных беларусаў – колер нацыі, каб нешта зразумець і пакаяцца, а не здзеквацца над памяцьцю людзей. Хацелася б знаць, а ці ведаюць яны, дзе пахаваны старшыня ЦВК, В. Ганчар,  генерал Ю. Захаранка …?

Запытай кожнага беларуса і ён знойдзе ў Курапатах сляды злачынстваў аўтарытарных рэжымаў. Брат майго дзеда, Сяргей Ігнатавіч Мурзёнак (1896-1937), прыйшоў з Заходняй Беларусі ў Мінск, вывучыўся, працаваў суддзём, арыштаваны як польскі шпіён 23 жніўня, растраляны 22 лістапада 1937 года ў Мінскай турме. Дзе ён пахаваны?! Як насмешку можна ўспрымаць заявы ўлады аб добраўпарадкаваньні ўрочышча Курапаты, куды па добрай савецкай традыцыі адпраўлены камсамол (БРСМ) і “ручныя” прафсаюзы. Думаецца, што такое б ніколі не магло здарыцца ў Літве ці Польшчы – на другі дзень, калі б такое адбылося ў гэтых краінах – падобныя на беларускія ўлады там больш бы не існавалі. Сорамна, што да гэтага часу ўрад Беларусі ніяк не адрэагаваў на плануемае перазахаваньне ў верасьні 2019 года парэшткаў паўстанцаў 1863-1864 гг., нядаўна знойдзеных у Вільні. Няма ні рашэньня па афіцыйнай дэлегацыі, няма і заявы ці просьбы адносна неабходнасці зрабіць надмагільныя надпісы па-беларуску, уключаючы і на магіле К. Каліноўскага.

Няўцямныя заявы МЗС і праўладных дэпутатаў нічога не мяняюць. Наяўнасць палітычных зняволеных і пастаянныя арышты беларусаў-актывістаў, якія працягваюцца пры праўленьні дыктатара на працягу чвэрці стагоддзя, прывялі, так падаецца, да таго, што для большасці беларускага насельніцтва прыведзеныя вышэй прыклады антынацыянальнай палітыкі не з’яўляюцца надзвычайнай навіной. Абыякавасць значнай часткі беларусаў да нацыянальнага, якую памылкова называюць памяркоўнасцю, яшчэ больш узрасла за апошні час, і вельмі падобная на тую, якую прапагандуе адзін вядомы ў краіне чалавек.

Як вынік – у краіне існуе вялікая праблема – надзвычайна нізкая нацыянальная свядомасць беларускіх людзей. На заклік прыйсці на малітву ў Курапаты пасля зносу крыжоў з усяго 2-мільённага Мінску прыйшло каля 200 чалавек. Вялікі дзякуй гэтым людзям за іх рашучасць, але калі падлічыць, то гэта колькасць складае толькі 0.01% ад усяго насельніцтва горада. Відавочна, што шлях беларускага народа да сапраўднай свабоды яшчэ далёкі і ляжыць, гэты адзіны, найбольш верагодны шлях, праз нацыянальную і дэмакратычную асьвету беларусаў.

-*-*-*-*-*-*-

У нумары вы знойдзеце пісьмо-падзяку Літоўскаму ураду за разуменьне і станоўчае рашэньне аб ужываньні беларускай мовы на помніках паўстанцам 1863-1864 гг., якія  плануецца ўсталяваць у Вільні ў верасьні гэтага года. У нумары падаецца інфармацыя аб святкаванні ў канадыйскай сталіцы Атаве Абвяшчэння незалежнасці БНР.

Безумоўна вас зацікавяць два артыкулы вядомага даследчыка-гісторыка Юрыя Грыбоўскія, прысвечаныя жыццю беларусаў падчас нямецкай акупацыі – адзін артыкул пра беларускую музычную і тэатральную чыннасьці ў Латвіі, другі – пра беларусаў у Варшаве.

Таксама вы знойдзеце багата матэрыялаў ад Сяргея Панізьніка – тут фальклор, вершы, успаміны пра Яўгенію Анішчыц, і, нарэшце, вельмі цікава пададзены календар важнейшых дат ужыцьці беларусаў у 2019 годзе, які суправаджаецца вершамі аўтара.

Прыемнага чытаньня.  Пётра Мурзёнак, галоўны рэдактар часопіса

20 красавіка 2019 года, Атава



Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль, Слова рэдактара

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: