Дар’я Данілевіч, Аліса Януш, Ігар Пракаповіч:  Cпадчына роду Друцкіх-Любецкіх на Пастаўшчыне. часопіс “Культупа. Нацыя”, №25, красавік 2020б с.96-118. www.sakavik.net

logo for chasopis

У артыкуле прадстаўлены вынікі даследавання спадчыны Друцкіх-Любецкіх на Пастаўшчыне. Друцкія-Любецкія, славуты род на абсягах ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, пакінуў багатую культурную спадчыну на тэрыторыі паўночна-заходняй Беларусі. Пасля прадстаўнікоў пастаўскай галіны гэтага роду такіх як Ануфрый, Ігнацый Станіслаў, Уладзімір Друцкія-Любецкія, Святаполк-Мірскія, Ленскія, Галеры і іншых, у Манькавічах і Казлоўшчыне засталіся сядзібна-паркавыя ансамблі, у Асінагарадку, Казлоўшчыне, Манькавічах, Варанцы, Ажунах – храмы і капліцы, у Варанцы – сельскагаспадарчае вучылішча, у беларускім Парыжы – чыгуначная станцыя Навадруцк, у навуцы – “Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага і Вілейскага ўездаў Віленскай губерні”.

Уводзіны

Пастаўскі раён знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне Беларусі, на мяжы з Літвой, на значным аддаленні ад вялікіх гарадоў і навуковых цэнтраў. Па гэтай прычыне яго тэрыторыя вывучалася часткова і толькі па некаторых накірунках. Актыўна развіваецца мясцовае краязнаўства, праводзяцца цікавыя даследаванні, падчас якіх вывучаюцца гістарычныя, геаграфічныя, этнаграфічныя, культурніцкія адметнасці рэгіёну. Аднак значная частка рэдкіх, а ў некаторых выпадках і ўнікальных аб’ектаў і з’яў па розных прычынах застаецца недаследаванай. Асабліва гэта датычыцца аб’ектаў матэрыяльнай спадчыны, якія знікаюць або знаходзяцца на мяжы знікнення. Слаба пакуль даследавана жыццё і дзейнасць асоб, дзякуючы якім былі ўзведзены тыя ці іншыя пабудовы, архітэктурныя помнікі, сядзібныя комплексы, прамысловыя або гаспадарчыя аб’екты.

Да ліку адметных дзеячаў Пастаўшчыны можна аднесці прадстаўнікоў знакамітага роду Друцкіх-Любецкіх, сярод якіх вылучаецца асоба князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага, імя якога пакуль што рэдка згадваецца і ў нашай мясцовасці, і ў Беларусі. А гэта быў чалавек, які заслугоўвае добрага ўспаміну, пашаны і папулярызацыі за вынікі сваёй дзейнасці.

Матэрыяльнай і духоўнай спадчынай У.Друцкага-Любецкага вучні Пастаўскай гімназіі зацікавіліся падчас збору матэрыялаў пра паўднёвы ўчастак Манькаўскага лесу паміж вёскамі Сарочына і Пятроўшчына, які ўтварае адметны адносна ізаляваны прыродна-гістарычны комплекс “Крыжоўкі” (так называюць мясцовыя жыхары гэта ўрочышча). На ім размяшчаюцца маляўнічыя марэнныя ўзгоркі паазёрскага ледавіка, лагчына ракі Мядзелкі, узбярэжжы азёр Доўжа і Варанец, багаты раслінны і жывёльны свет, германскія і расійскія ўмацаванні часоў Першай сусветнай вайны. Значная плошча гэтага комплексу ў канцы ХІХ стагоддзя належала роду Друцкіх-Любецкіх і мела назву “ферма Варанец”. Гэту тэрыторыю князь аддаў для заснавання сельскагаспадарчай школы для сялянскіх дзяцей. З фундацыі У. Друцкага-Любецкага тут быў пабудаваны вучэбны комплекс са значнай колькасцю пабудоў. Пазней недалёка ад школы пасля смерці князя была ўзведзена капліца-маўзалей, у якой знаходзілася яго забальзамаванае цела. Падчас Першай сусветнай вайны ўсе пабудовы на тэрыторыі комплексу былі разбураны.

Гэтыя факты зацікавілі і падштурхнулі да збору больш грунтоўных звестак і пра самаго князя, і пра яго матэрыяльную спадчыну. У 2012-2019 гадах было праведзена сем комплексных экспедыцый (кіраўнік – настаўнік геаграфіі І.М.Пракаповіч), падчас якіх вывучаліся аб’екты, звязаныя з дзейнасцю У. Друцкага-Любецкага. Гэта дазволіла сабраць значны матэрыял, які патрабаваў апрацоўкі, абагульнення і фармулёўкі пэўных высноў, што і падштурхнула да напісання даследчай работы па тэме “Знікаючая спадчына князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага”. Работа была выканана вучаніцай Пастаўскай гімназіі Алісай Януш у 2017-2018 гадах. Яна ахоплівала тэрыторыю паўднёвай часткі Пастаўшчыны ў ваколіцах вёсак Манькавічы, Язы, Варанец, Сарочына.

Падчас збору матэрыялаў выявілася, што ва ўласнасці Друцкіх-Любецкіх на Пастаўшчыне акрамя маёнтка “Манькавічы” быў яшчэ маёнтак “Казлоўск”, гісторыя і адметнасці якога пакуль што не вывучаліся. Гэта праблема падштурхнула да правядзення даследаванняў па тэме “Спадчына Друцкіх-Любецкіх ва ўсходняй Пастаўшчыне (Казлоўшчына, Асінагарадок, Навадруцк)”. Збор матэрыялаў і іх апрацоўка адбываліся на працягу 2018-2019 гадоў. Частку матэрыялаў склалі вынікі ранейшых краязнаўчых экспедыцый. Распрацоўкай тэмы займалася ў асноўным вучаніца 10 класа Пастаўскай гімназіі Дар’я Данілевіч.

Таксама было выяўлена, што адзін з прадстаўнікоў роду Друцкіх-Любецкіх з Пастаўшчыны – Уладзімір Ігнатавіч – быў суаўтарам адметнай навукова-папулярнай кнігі “Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага і Вілейскага уездаў Віленскай губерні” (1896). Гэта падштурхнула да правядзення вывучэння і аналіза ўнікальнага выдання. Мы заўважылі, што імя У.І.Друцкага-Любецкага не згадваецца ні ў шэрагу географаў-даследчыкаў Беларусі, ні сярод краязнаўцаў, хоць кніга была адным з першых грунтоўных выданняў па гісторыі і геаграфіі паўночна-заходняй часткі нашай краіны.

Вывучэнне літаратурных крыніц і інтэрнэт-рэсурсаў па тэме даследавання дало нязначныя вынікі, што сведчыць пра тое, што спадчына ўласнікаў маёнткаў “Казлоўск” і “Манькавічы” ні навукоўцамі, ні краязнаўцамі амаль не вывучалася. Удалося ўстанавіць, што асноўныя матэрыялы пра род Друцкіх-Любецкіх захоўваюцца ў Гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу (РГИА, ф. 1631, 549 адз. захоўвання, 1845-1917) і ў Гістарычным архіве Літвы. Каштоўныя звесткі былі атрыманы з кнігі І. Зямчонка “Ваколіцы Парыжа. Старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер’я” (2000 г.) [4]. Асобныя звесткі пра У. Друцкага-Любецкага змяшчаюцца ў кнізе “Манькавічы” [12], а таксама ў блогу карыстальніка Ginek, які падае інфармацыю пра дзейнасць школы.

Вельмі карысны збор – архіўная папка са справай будаўніцтва Варанецкага сельскагаспадарчага вучылішча – была атрымана з Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіву [1]. Частку матэрыялаў склалі апытанні мясцовых жыхароў, якія праводзілі ў розны час вучні пастаўскай гімназіі і СШ № 1 г. Паставы. Усе аб’екты матэрыяльнай спадчыны У. Друцкага-Любецкага былі абследаваны падчас правядзення краязнаўчых экспедыцый. Каштоўныя матэрыялы па тэме даследавання ўдалося атрымаць з музея Навадруцкай школы (кіраўнік – С. Латыш) [4]. Картаграфічны аналіз мясцовасці быў праведзены на аснове карт рознага часу. У працы выкарыстоўваліся: “трохвёрстка” расійскіх ваенных тапографаў (канец ХІХ ст.), польскія карты 30-х гадоў ХХ стагоддзя, вайсковая карта 1971 года маштабу 1:100000, касмічныя фотаздымкі.

Род Друцкіх-Любецкіх у Беларусі і на Пастаўшчыне

Друцкія – вядомы і ўплывовы княскі род на абсягах ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. За доўгі гістарычны час ён разгалінаваўся на шмат атожылкаў, якія ўтварылі амаль самастойныя родавыя дрэвы. Найбольш вядомыя з іх – Друцкія-Любецкія і Друцкія-Сакалінскія. Радавод іх пачынаецца ад маёнтка Друцк, які размяшчаўся на беразе ракі Друць, прытоку Дняпра. Любецкія, або Відэнескія (Відэніцкія), князі, галіна князёў Друцкіх. Федка, удава па Алізару Шыловічу, запісала князю Багдану Васілевічу маёнтак Любчу (Lubcze) з ваколіцамі. Пасля смерці Багдана Аляксандр Ягайла ў 1500 годзе перадаў яго брату князю Раману Васілевічу.

Калі прадстаўнікі роду Друцкіх-Любецкіх патрапілі на Пастаўшчыну сказаць дакладна пакуль што немагчыма, але адбылося гэта верагодна ў другой палове ХVІІІ стагоддзя, калі Ануфрый Францавіч Друцкі-Любецкі ажаніўся з Элеанорай Апалінарай Жабай. Як вядома з гістарычных дакументаў, род Жабаў валодаў Асінагарадком. У сям’і было многа дзяцей: сын Ігнацій, дочкі Тэрэза, Паўліна, Караліна, Марыя.

Пасля Ануфрыя маёнтак “Казлоўск” перайшоў у спадчыну да яго сына Ігнація-Станіслава-Юзафа (1809-1961), які быў жанаты на Адэлаідзе Святаполк-Мірскай. Пасля смерці гаспадара яго спадчына перайшла да сына Уладзіслава-Тамаша, які пасля пераходу з каталіцтва ў праваслаўе называўся Уладзімірам Ігнацьевічам Друцкім-Любецкім. Вядома, што ён быў уласнікам маёнткаў “Манькавічы” і “Казлоўск” на Пастаўшчыне, а таксама “Старынкі” на Міншчыне.

Дзейнасць гэтай асобы на тэрыторыі Беларусі і, у прыватнасці, на Пастаўшчыне, амаль не даследавалася, бо жыў ён у асноўным у Санкт-Пецярбургу, у свае маёнткі наведваўся пераважна летам. Аднак тое, што ён пакінуў у спадчыну пасля сябе ў нашым краі дазваляе зрабіць выснову, што гэта быў чалавек адукаваны, справядлівы, шырокага кругагляду, шчодры мецэнат і прыхільнік хрысціянства.  Пра князя У. Друцкага-Любецкага матэрыялаў сабраць пакуль што ўдалося не вельмі многа, але тое, што ўжо назапашана, сведчыць пра яго інтэлектуальнае і духоўнае багацце.

Уладзімір Ігнатавіч Друцкі-Любецкі (1845-1905), князь, служыў пры двары рускага імператара Мікалая ІІ шталмайстрам (галоўным стайнікам (канюшым)), мецэнат і прыхільнік хрысціянства, суаўтар адной з першых кніг па краязнаўстве быў уласнікам маёнткаў “Манькавічы” і “Казлоўск” на Пастаўшчыне. За яго сродкі была пабудавана нанова царква ў Манькавічах, праведзена карэнная рэстаўрацыя храма, узведзена капліца на могілках у Асінагарадку, адбудавана царква ў Ажунах, уладкаваны сядзібна-паркавыя ансамблі ў Казлоўшчыне і Манькавічах.

Князь выдаткаваў грошы на будаўніцтва чыгункі Новасвянцяны-Беразвечча. Да ўсяго гэтага, ён цікавіўся даўніной, вёў уласныя пошукі. У. Друцкі-Любецкі быў суаўтарам і фундатарам адметнай працы даследчыка Аляксея Сапунова “Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага і Вілейскага ўездаў Віленскай губерні” (1896). У. Друцкі-Любецкі перадаў свой фальварак “Варанец” для стварэння селькагаспадарчага вучылішча для сялянскіх дзяцей (дзейнічала 1909-1913 гг), фінансаваў яго будаўніцтва, заснаваў стыпендыі для навучэнцаў. У С.-Пецярбургу быў членам савета дабрачыннай арганізацыі “Мариинское попечительство для слепых”.

Навукова-краязнаўчая і асветніцкая спадчына

Кніга Аляксея Сапунова і Уладзіміра Друцкага-Любецкага “Матеріалы по исторіи и географіи Дисненскаго и Вилейскаго уездовъ Виленской губерніи”

Кніга “Матеріалы по исторіи и географіи Дисненскаго и Вилейскаго уездовъ Виленской губерніи” была напісана даследчыкам Аляксеем Сапуновым у суаўтарстве з князем Уладзімірам Друцкім-Любецкім. Выдадзена яна ў 1896 годзе ў Віцебскай губернскай тыпа-літаграфіі. Гэта першае грунтоўнае выданне пра прыроду і гістарычныя адметнасці паўночна-заходняй Беларусі. Гэты кнігу можна лічыць і першым краязнаўчым выданнем рэгіёна. У ёй змешчана геаграфічнае і гістарычнае апісанне мясцін на тэрыторыях сучасных Пастаўскага, Мядзельскага, Вілейскага, Глыбоцкага раёнаў.

Кніга мае аб’ём 414 старонак і складаецца з васьмі  раздзелаў. На першых старонках змешчаны каляровыя гербы Вілейскага і Дзісненскага ўездаў. Яны  маюць форму французскага шчыта, які гарызантальна падзелены на дзве часткі.  На верхняй размяшчаецца Пагоня – герб тагачаснай Віленскай губерні, на ніжняй – гербы ўласна ўездаў. Для Вілейскага гэта ладдзя, павернутая ўлева, з пшанічным коласам і дванаццацю мяхамі збожжа, што адлюстоўвае яго спецыялізацыю на вывазе сельскагаспадарчай прадукцыі на захад. Сноп жыта на полі сімвалізуе адметны занятак жыхароў Дзісненшчыны – земляробства.

Сама праца пачынаецца з геаграфічнага агляду. Дзісненскі уезд займае 13,9% плошчы ўсёй Віленскай губерні, а Вілейскі – 15,1%. Пададзены месцы некаторых вышынь гэтых адміністрацыйных адзінак (у Вілейскім — в. Вайцяшы, фальв. Карейкаўцы, фальв. Юстынова, в. Мацуры (сучасны Пастаўскі раён) і іншыя; у Дзісненскім — в. Сарокі, в.Старынкі, в. Шалушына, фальв. Шэндзін, застава Дуброва). Даецца апісанне такіх рэк, як Дзісенка, Ізабелінка, Бірвіта, Голбіца, Беразвіца, Мнюта, Язніца, Дрысвята, Янка, Вята, Друйка і іншых. Найбольш падрабязна разгледжана рака Вілія. Ёй прысвечана асобная частка, якая раздзяляецца на падтэмы: рака Вілія і яе прытокі, берагі і дно Віліі, парогі і перашкоды на р. Віліі, ачышчэнне рэчышча Віліі, ускрыццё і замярзанне Віліі і разлівы яе, гандаль на р. Віліі, судны і іх прылады, праекты каналаў паміж сістэмай р. Віліі і сістэмамі Дняпра і Дзвіны, прытокі Віліі (Чэрня, Жызнева, Сластоўка, Сэрвач, Арцянка, Жучка, Спорня, Страча). Таксама ў кнізе  апісаны азёры Дзісненскага ўезда (Глыбокае, Богінскае, Доўгае, Ілаўскае, Інаўскае, Пліса, Рафалова, Свяда, Сшо, Пераброддзе, Укля, Чарэзскае) і Вілейскага ўезда (Сэрвач) з памежнымі азёрамі Мядзел і Нарач. Таксама паведамляецца пра балоты, якія даюць пачатак рэкам. Найбольш значнае – Ваўкалапскае. Яно знаходзіцца ў Вілейскім ўездзе.

У выданні даецца вельмі сціслае апісанне геалагічнай будовы і глебаў, клімата; крыху пашырана – флоры і фаўны. Паведамляецца, што расліннасць  Віленскай губерні была даследавана А. Зелянцовым і апісана ў кнізе “Очерк флоры”. А. Сапуноў і У. Друцкі-Любецкі выкарысталі яе ў сваёй працы. Пасля сціслага апісання асаблівасцей рэгіянальнай флоры і фаўны падаюцца спісы жывёл і раслін на рускай і лацінскай мовах.

Другі раздзел кнігі – “Взгляд на исторические судьбы Дисненского уезда Виленской губ.”. Падчас работы над гэтым раздзелам аўтары выкарыстоўвалі гістарычную інфармацыю і карты, якія дапаўняюць матэрыял. Чытачам прапануецца агульны агляд гістарычных падзей, якія закранулі Дзісненскі ўезд. Працягваецца апісанне Дзісненшчыны ў цікавым краязнаўчым раздзеле “Замечательнейшие в историческом отношении местности в Дисненском уезде”. Найбольш падрабязна апісаны ўездны горад Дзісна і яго адметнасці. Падзеі з рэлігійнага жыцця дзісненцаў стаяць у цеснай сувязі з гісторыяй дзісненскага храма, фотаздымак якога размешчаны на старонцы кнігі. У Дзісне, на беразе ракі, была пабудавана капліца ў памяць Імператара Аляксандра II. Усяго падаецца апісанне 41 населенага пункта. Вось некаторыя геаграфічныя і гістарычныя звесткі пра мястэчкі і вёскі (сёлы).

Мястэчкі. Германавічы ляжаць на р. Дзісенцы. Глыбокае размяшчаецца паміж двума азёрамі. Невялікая рака, якая цячэ з аднаго возера ў другое, падзяляе мястэчка на дзве няроўныя часткі. Галубічы размешчаны ў даліне на невялікіх пагорках. Мястэчка Іказнь ляжыць на заходнім беразе аднаіменнага возера. Назва Іоды быццам бы паходзіць ад літоўскага слова і азначае “чорны лес”. У 1798 г. Казяны былі зацверджаны мястэчкам і належалі гр.Плятэр. Лявонпаль у XVI стагоддзі меў у валоданні Леў Сапега. У 1519 годзе, падчас раздзелу паміж братамі Сапегамі, Лужкі сталі належаць Хведару Іванавічу-Сямёнавічу Сапегу. Мястэчка Міёры размешчана ў вельмі прыгожым месцы, каля вялікага аднаіменнага возера. Сігізмунд-Аўгуст у 1571 г. прызнаў  Перабродзе вольным горадам. Станіслаў-Аўгуст даў мэстэчку Пліса прывілей на кірмашы. У 1506 г. кароль Аляксандр сцвердзіў права Сапегі на ўладанне Пагостам. Падчас вайны Паставы былі важным зборным пунктам літоўска-польскіх войск. Пётр Вялікі праездам быў у горадзе Друя.

Ляўкоўскі двор спрадвеку належаў полацкім епіскапам. У 1552 г. Пётр Васільевіч Корсак меў ва ўладанні Удзелаўскі двор. Упершыню маёнтак Беразвеч згадваецца ў 1519 г. У 1782 годзе там было заснавана вучылішча. Маёнтак Чэраз належаў Анікею Андрэевічу Корсаку, потым – Радзівілам. У 1503 г. маёнтак Шаркаўшчына быў перададзены вялікім князем Аляксандрам Юрыю Дзеспат-Зяновічу. Маёнтак Язна пераходзіў з рук у рукі: да Корсакаў, Глінскіх, Друцкіх-Сакалінскіх, Казелаў-Паклеўскіх, Кацэлаў.

Сёлы. У Балошніках недалёка ад царквы ёсць насып, дзе  паводле падання пахаваны французы. Сяло Богінь некалі належала Струтынскім. У Галомыслі была заснавана ўніяцкая капліца ў імя Мікалая Цудатворцы. Горкі ў свій час належалі полацкім архіепіскапам. У Дзісненскам уездзе былі два Залессі і яны належалі Корсакам. Замошша ляжыць на беразе возера Срэднік. Ігумен ляжыць недалёка ад  2 рэк: Паловіцы і Дзісенкі. Сяло Кавалі некалі належала глубокскім камерлітам, але потым перайшло ў казну. Сяло Мамаі з ранейшых часоў належала Корсакам, але потым як пасаг перайшло да Аскеркаў. У Мосары ў 1792 г. Ганна і Робарт Бржастоўскія пабудавалі каменны касцёл. Асінагарадок належаў некалі Жабам, а пасля князю Друцкаму-Любецкаму. Празарокі належалі Баркалабу Іванавічу Корсаку. Псуя была падзелена на 3 часткі паміж братамі Корсакамі. Рымкі некалі былі маёмасцю Тызенгаўзаў, а потым гр. Пшаздзецкай. Вялікі князь літоўскі Казімір даў грамату на сяло Свіла Грыдку Сянковічу. Узмены былі некалі ўладаннем князёў Свірскіх, а потым Мірскіх і Агінскіх. Чэрневічы ў пачатку XVIII стагоддзя належалі Рэмігіану Сяліцкаму, а ў канцы – ген. Кошалеву. Юдыцын некалі ўваходзіў у склад маёнтка Іоды, у 1794 г. дастаўся Мікалаю Лапацінскаму.

Чацвёрты раздзел кнігі – “Взгляд на исторические судьбы Вилейского уезда”. Ён пачынаецца з гістарычных звестак (цяперашні Вілейскі ўезд уваходзіў у склад Полацкага княства. Аб гэтым сведчыць ацалеўшы помнік пачатку XII ст. – камень на беразе р. Віліі з імем Барыса, па ўсёй імавернасці, Усяславіча) і пераліку месцаў храмаў і касцёлаў.

Працягваецца апісанне ў краязнаўчым раздзеле “Замечательнейшие в историческом отношении местности в Вилейском уезде”. У ім падаецца апісанне 40 мястэчак і вёсак. Найбольшая ўвага нададзена ўезднаму гораду. Паведамляецца, што ў 1842 годзе Вілейка ўвайшла ў склад Віленскай губерніі. Горад быў адным з навейшых гарадоў. На старонцы кнігі можна ўбачыць план Вілейкі. Вось некаторыя звесткі з апісанняў мястэчкаў,  маёнткаў, вёсак.

Мястэчкі. Будслаў ляжыць каля ракі Сэрвач, сярод вялікіх балот. Гарадок знаходзіцца на левым беразе р. Бярэзіны і быў населены выключна яўрэямі. Данілавічы размешчаны над воз. Свідна і невялікай р. Прэсмыч, некаторы час мястэчка нележала нават Сігізмунду-Аўгусту. Ілія некалі належала Радзівілам, а ў час Салагубаў тут быў вялікі шкляны завод. Краснае згадваецца ў 1519 г.: тут ваявалі рускія. Крывічы ляжаць каля р. Сэрвач, мястэчка стала “гняздом знакамітага роду Кішкаў”. Лебедзева – айчына кн. Гальшанскіх. Лучай належаў Мастоўскім. Манькавічы былі ва ўладанні Жабаў, а потым У. І. Друцкага-Любецкага. Недалёка ад Маркава ёсць курганы, якія называюць французскімі. Існавалі два мястэчкі з назвай Мядзель: Стары Мядзель і Новы Мядзель. Мястэчка Рэчкі ляжыць паміж двух невялікіх рэчак.

Маёнткі. У 1478 г. кароль Казімір даў дарчую грамату надворнаму маршалку Івану Кучуку на маёнтак Вязынь. Далгінаў – айчына князёў Друцкіх-Сакалінскіх. У палове XVI ст. маёнтак Касута знаходзіўся ва ўладанні Міхаіла Іванавіча Сапегі. Кароль Сігізмунд у 1523 г. зацвердзіў Крайск за дзецьмі Юрыя Зяновіча. Норыца – некалі айчына Сулістроўскіх. Перад уніяй (1569) горад Радашковічы быў адданы каралём Сігізмундам-Аўгустам  Каляніцкаму-Тышкевічу.

Сёлы. У Батурына была пабудавана ўніяцкая царква. Іжа знаходзіцца недалёка ад р. Узлянкі і р. Слабажанкі, некалі нележала Сулістроўскім. Кароль Сігізмунд Першы перадаў Княгінін Яўстафею Козел. Краснаселле Новае – прадмесце мястэчка Краснае. Латыгаль належала Салтыкам, Салагубам, Валадковічам, Кацелам, Тышкевічам, Умястоўскім. У Порплішчы быў храм, напэўна, у імя св. Троіцы, бо сяло тады звалася Троіцкім. Рабунь належала Еўфрасінні Сапежанцы. Сітца належала Бржастоўскім, потым – Дамейкам. Па паданні сяло Яршэвічы спустошана шведамі.

З усіх населеных пунктаў, для якіх пададзена асобнае апісанне, на тэрыторыі сучаснага Пастаўскага раёна знаходзіцца сем: Паставы, Манькавічы, Норыца, Асінагарадок, Дунілавічы, Рымкі, Лучай.

Значную частку кнігі складаюць дадаткі (Приложения), у якіх друкуюцца дакументы з розных гістарычных крыніц. Іх 39. Найчасцей яны адлюстроўваюць падзеі, якія адбываліся ў Дзісне, Вілейцы, Мядзелі, Лебедзеве, Маладзечне, Друі. Пастаўшчыны датычыцца толькі адзін дакумент пад № 31 “Привилегия короля Августа ІІ на учреждение ярмарок в Поставах 21 апреля 1713 г.”

Наступная частка кнігі – заўвагі (Примечания). Яна з’яўляецца таксама карыснай крыніцай геаграфічнай і гістарычнай інфармацыі, паколькі прыведзены падрабязныя тлумачэнні, якія ўтрымліваюць шмат каштоўных звестак. Усяго падаецца 133 прыкладанні, у якіх пераважаюць спасылкі на крыніцы, якімі карысталіся аўтары, а таксама розныя статыстычныя дадзеныя.

Важна заўважыць, што для свайго часу выданне добра ілюстравана. Па тэксце размешчана 67 малюнкаў, у тым ліку планаў і карт. Подпісы для ілюстрацый падаюцца асобным дадаткам у канцы кнігі.

Такім чынам, можна зрабіць наступны вывад: адметная праца Аляксея Сапунова і Уладзіміра Друцкага-Любецкага “Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дісненскага і Вілейскага ўездаў Віленскай губерніі” мае значную геаграфічную, гістарычную і краязнаўчую каштоўнасць, у ёй апісана шмат сёлаў, мястэчкаў, гарадоў, выкарыстаны геаграфічныя і гістарычныя звесткі, карты, схемы, малюнкі.

Варанецкае сельскагаспадарскае вучылішча

На ўзгорках паміж азёрамі Варанец, Доўжа і ракой Мядзелкай у пачатку ХХ стагоддзя размяшчалася сельскагаспадарчае вучылішча. Дзейнічала яно з 1909 па 1915 год дзякуючы ініцыятыве і фундацыі ўласніка Манькавічаў і Казлоўшчыны князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага. Вясной 1904 года ён звярнуўся да цара Мікалая II з просьбай дазволіць яму ахвяраваць фальварак (у дакументах – ферму) Варанец на карысць Віленскага Таварыства сельскай гаспадаркі для стварэння сельскагаспадарчай школы. Участак, які ён хацеў перадаць на дабрачынныя мэты, меў плошчу каля 124 дзесяцін зямлі і ўваходзіў у склад яго маёнтка. Князь Друцкі-Любецкі, для абсталявання школы мэбляй і навучальным рыштункам, ахвяраваў 40 000 рублёў уласных сродкаў.

13 траўня таго ж года прашэнне князя было разгледжана і здаволена, а праз год на ўчастку паміж азёрамі Варанец і Доўжа пачалося будаўніцтва школы. У сакавіку 1905 года Уладзімір Друцкі-Любецкі памёр, яго пахавалі ў капліцы каля ставу ў Манькавічах. Работы на будаўніцтве школы арганізоўвала Віленскае Сельскагаспадарчае Таварыства, а нагляд ажыццяўляла міністэрства Земляробства і Дзяржаўнай Маёмасці.

На ўзвядзенне школы было закуплена 300 тысяч штук цэглы, 100 кубаметраў каменя, 50 бочак вапны, цэмент і іншыя матэрыялы. Да 1907 года былі пабудаваны два каменныя і чатыры драўляныя будынкі: двухпавярховы цагляны навучальны корпус, цагляная сталовая для навучэнцаў і выкладчыкаў, а таксама драўляны дом для кіраўніка, лазня, склеп для захоўвання малочных прадуктаў (млячарня), і адрына для жывёлы.

Малодшы ляснічы Віленскага Лесаахоўнага Камітэта Васілеўскі, дакладваў 20.02.1907 г. у Кіраванне Земляробства і Дзяржмаёмасці Віленскай губерні: “[…] Усе пабудовы (драўляныя) збудаваны з дыхтоўнага часанага бруса, на каменным падмурку і пакрыты гонтай, мураваныя дымавыя трубы ўсюды выведзены і скончаны. Пабудовы гэтыя маюць прыгожы і прыемны выгляд. Унутранае іх аздабленне мае быць выраблена вясною і ўлетку гэтага года. Дзверы, вароты, аконныя рамы, бар’еры веранды і ганка, дошкі для насцілу падлог і падшыўкі столяў вырабляюцца ў Вільні на заводзе Парнеса…” [1]. Для навучэнцаў была абсталявана спартовая пляцоўка і закуплены інвентар для гульні ў кракет.

Паколькі ў ліку ахвяраваных князем Друцкім-Любецкім 124 дзесяцін зямлі было толькі 9 дзесяцін лесу, што з’яўлялася недастатковым для паўнавартаснага функцыянавання школы, Міністэрства Земляробства і Дзяржаўнай маёмасці з бліжэйшых да Варанца дзяржаўных лясных угоддзяў дадаткова вылучыла яшчэ 116 дзесяцін лесу (урочышча Бялоўшчына).

Будаўнічыя работы ў Варанцы былі завершаны напачатку 1909 года. Пачаліся падрыхтоўчыя працы да адкрыцця навучальнай установы. Быў зацверджаны статут Варанецкай ніжэйшай сельскагаспадарчай школы 1-га разраду, у якім дакляравалася, што “Варанецкая ніжэйшая с/г школа Віленскага Таварыства сельскай гаспадаркі мае мэтай даць навучэнцам асноўныя веды па сельскай гаспадарцы, звяртаючы асноўную ўвагу на практычныя заняткі…”.

Паводле статуту меркавалася, што ў 1-ы клас школы будуць прымаць “асоб мужчынскага полу ўсіх саслоўяў, не маладзей 15 гадоў, пасля ўступных іспытаў па курсе гарадскіх і павятовых вучылішчаў”. Аднак, улічваючы тую акалічнасць, што школа была разлічана, галоўным чынам, на дзяцей сялян, якія ў большасці сваёй былі наогул непісьменнымі, то ў статут былі занесены змены, паводле якіх уступны адукацыйны цэнз быў паніжаны да выпускнікоў сельскіх вучылішчаў (2 класы). Акрамя таго, каб павялічыць колькасць патэнцыйных вучняў с/г школы, бліжэйшая да яе Манькавіцкая царкоўна-прыходская школа была ператворана ў сельскае двухкласнае вучылішча.

20 траўня 1909 года адбыліся ўступныя іспыты. У тым жа годзе слова “школа” ў назве навучальнай установы было зменена на “вучылішча”. З гэтага часу навучальная ўстанова стала называцца Варанецкім Ніжэйшым Сельскагаспадарчым Вучылішчам.

Першымі яе кіраўнікамі былі Мікалай Міхайлаўскі і Сяргей Такмачоў. Ганаровым апекуном вучылішча, аж да сваёй смерці, з’яўляўся князь Друцкі-Любецкі, а апекуном – граф Станіслаў Моль, выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта Юр’еўскага (Тартускага) універсітэта. У абавязкі апекуна ўваходзіў агульны нагляд за ажыццяўленнем кіраўніцтва навучальнай установай. Намеснікам апекуна быў Эдмунд Пілсудскі, які скончыў у свой час Мікалаеўскую вышэйшае кавалерыйскае вучылішча. Ён даводзіўся стрыечным братам Юзэфу Пілсудскаму, будучаму маршалу Польшчы.

Выкладчыкамі ў вучылішчы працавалі: Ісаін Уладзімір Мікалаевіч, які выкладаў батаніку, земляробства і лугазнаўства; Запольскі Аляксандр Аляксандравіч – хімію, глебазнаўства і жывёлагадоўлю; Валдманіс Арвід Янавіч – фізіку, чарчэнне, землямерства, заалогію, малочную гаспадарку і законазнаўства; Лазаровіч Уладзімір Мікалаевіч – арыфметыку, геаграфію, геаметрыю і рускую гісторыю: дырэктар школы Такмачоў – с/г машыназнаўства і с/г эканомію і рахаўніцтва.

Настаўнікамі Закона Божага ў вучылішчы служылі: плябан Манькавіцкай праваслаўнай царквы Міхаіл Мірковіч, а пасля яго смерці ў 1910 годзе, іерэй той жа царквы Павел Фёдаравіч Макарэвіч.

Навучэнцам каталіцкага веравызнання Закон Божы выкладаў ксёндз-плябан Пастаўскага касцёла Дзяшульскі, а пасля яго пераводу ў іншы прыход, ксёндз з Пастаў Казімеж Кавалеўскі. Напачатку 1915 года кс. К. Кавалеўскага змяніў кс. Аляксандр Нянеўскі.

Акрамя пералічаных вышэй прадметаў, у вучылішчы чыталі лекцыі па асновах с/г “будаўнічага мастацтва”, меліярацыйных работах і лесаводстве, межавой справе, ветэрынарыі і гігіене, рыбаводству і пчалярству. Паводле статуту, агульная колькасць працоўных і навучальных гадзін у дзень, разам з падрыхтоўкай урокаў, не павінна была перавышаць для вучняў 1-га класа 10-ці гадзін, для 2-га і 3-га класаў не больш 12 гадзін у дзень.

У штаце вучылішча таксама меліся: лекар, канторшчык (Мікалай Паўлавіч Чмут), дзве кухаркі, тры прыслугі на кухні, адзін начны вартаўнік і кучар.

Навучанне было платным і складала 50 рублёў у год з вучня. У 1915 годзе, у сувязі з інфляцыяй, сума была паднята да 55 рублёў. Курс навучання працягваўся 3 гады і размяркоўваўся на 3 класы, два з якіх былі агульнымі, а трэці адмысловы, з падраздзяленнем на дзве паралелі: а) Земляробчы, б) Жывёлагадоўлі і малочнай гаспадаркі.

Для заахвочвання лепшых вучняў былі заснаваны дзве стыпендыі. Першую – імя памерлага князя Уладзіміра Друцкага-Любецкого, заснавала 27 кастрычніка 1908 года яго ўдава княгіня Марыя. Гэта стыпендыя складалася з трох роўных частак. Першыя дзве, паводле волі апошняй, павінны былі ўручацца лепшым вучням вучылішча, жыхарам Манькавіцкай воласці праваслаўнага веравызнання. Трэцяя – лепшаму вучню каталіку. Другая стыпендыя была заснавана Дваранскім Зборам Віленскай губерні і штогод выдавалася вучню, які паказаў лепшыя вынікі ў вучобе, незалежна ад яго веравызнання і месца жыхарства.

Выхаванцы, якія скончылі поўны курс вучылішча, павінны былі прайсці абавязковую гадавую практыку ў прыватнай гаспадарцы, і толькі пасля гэтага, на падставе станоўчай справаздачы з месца практыкі, атрымлівалі атэстат. Выпускніку таксама выдаваўся дарма камплект новай формы, ніжняй бялізны і абутку. Навучэнцы, якія паказалі падчас вучобы выдатныя вынікі, маглі быць (паводле рэгламенту) заахвочаны каштоўнымі падарункамі, карыснымі ў сельскагаспадарчай працы (напрыклад, с/г інвентаром).

Зарплата выкладчыкаў была наступнай: дырэктар атрымліваў 1500 рублёў у год; выкладчыкі спецыяльных прадметаў – 850 рублёў; выкладчыкі агульнаадукацыйных прадметаў – па 600 рублёў; законавучыцелі (Закон Божы) – па 400 рублёў.

Каб зразумець, многа гэта ці мала, варта звярнуцца да статыстычных дадзеных пачатку ХХ стагоддзя. Сярэдняя зарплата ў Расіі ў 1909 годзе складала 35,71 рублёў у месяц. За год, адпаведна, 428,52 рубля.

Па стане на кастрычнік 1914 года ў вучылішчы займалася 64 вучні. З іх у першым класе – 22, у другім – 24, у трэцім – 18. У тым жа годзе, у сувязі з пачаткам 1-й сусветнай вайны, выпуск трэцяга класа адбыўся датэрмінова. Некалькі вучняў старэйшага ўзросту былі прызваныя ў войска.

У 1915 г. лінія фронта стала хутка набліжацца да Пастаў. У жніўні Варанецкае вучылішча ў спешным парадку было эвакуявана ў Чарнігаўскую губерню на ст. Баравіцы, у сцены Майноўскага с/г вучылішча, дзе прадоўжыла сваю працу. Аднак неўзабаве, пасля бальшавіцкага перавароту, гэта навучальная ўстанова таксама спыніла сваё існаванне. У час Першай сусветнай вайны праз тэрыторыю вучылішча прайшла лінія фронту. Тут размесціліся перадавыя пазіцыі геманскіх войск. У выніку баявых дзеянняў амаль усе будынкі былі разбураны. Ад былога вучэбнага корпусу засталіся рэшткі падмурку, склеп і бітая цэгла.

Духоўна-рэлігійная спадчына

Да 30-х гадоў ХІХ стагоддзя большасць прадстаўнікоў роду Друцкіх-Любецкіх вызнавала каталіцызм, аднак пасля падаўлення расійскімі ўладамі паўстання 1830-31 гадоў, некаторыя з іх перайшлі ў праваслаўе і сталі актыўнымі яго прыхільнікамі. Асабліва вызначыліся ў гэтым Ігнацый Ануфрыевіч і яго сын Уладзімір Ігнатавіч. Іх рупнасцю былі пабудаваны і пазней рамантаваліся і аздабляліся цэрквы ў Манькавічах, Асінагарадку, узведзены капліцы ў Асінагарадку, Манькавічах і Казлоўшчыне, адбудавана царква ў Ажунах.

Праваслаўная спадчына

Свята-Пакроўская царква ў Асінагарадку

Свята-Пакроўская царква ўзведзена ў гонар Прасвятой Багародзіцы. Мясцовасць, на якой стаіць храм, – невялікае ўзвышша, мае форму паўвострава, з 3-х бакоў абнесеная валам. Вакол царквы і на ўсім цвінтары растуць бярозы. Пабудавана яна ў 1782 годзе літоўскім ваяводам Жабам, які на той час валодаў Асінагарадком. Царква была шатровая, драўляная. У некаторых крыніцах падаецца, што будаваў яе Ануфрый Друцкі-Любецкі, аднак гэта не так, бо Ануфрыю на той час ішоў толькі 14 год і ён ніякага дачынення да Асінагарадка не меў.

У 1856 годзе па распараджэнні ўласніка маёнтка князя Ігнацыя Друцкага-Любецкага царкву капітальна перарабілі: быў пастаўлена новы дах, сцены абабіты дошкамі, выведзены вялікі купал, падрамантаваны падмурак. Паводле тагачаснага апісання храм выглядаў наступным чынам. Да прастакутнага асноўнага зруба прымыкаюць роўны з ім па шырыні бабінец і пяцігранная апсіда з прыбудовамі па баках. Дах складаны, шмат’ярусны, з высокай шатровай вежачкай у цэнтры. Непадалёк размешчана званіца, складзеная напалову з каменя і якая мае драўлянае завяршэнне. Унутранае размяшчэнне храма квадратнае. Вокны ў царкве ў адзін ярус. На храме тры глухія купалы. Крыжы на даху жалезныя, васьміканцовыя. Дах храма драўляны. Будынак царквы абабіты дошкамі, ўваходных дзвярэй двое. Столь насланы дошкамі, выбелена, у алтары выфарбавана рознакаляровымі фарбамі. Падлога цагляная, у алтары з дошак, пафарбавана цёмна-чырвонай фарбай. У той час сцены царквы былі пабелены вапнай, алтары абабіты палатном, на якім намаляваныя Святыя Чатыры Евангелісты, Прарок Майсей і першасвятар Аарон.

Найбольш шануецца абраз Святога Мікалая Цудатворцы, які намаляваны на дошцы з меднымі часткамі і ахвяраваны селянінам Казімірам Кадушкевічам у 1811 годзе. Крыж вялікі напрастольны сярэбраны з такім жа распяццем Збаўцы і Прамянямі з надпісам: “Rok 1817”. Званіца ўладкована асобна, драўляная, на каменным падмурку, у ёй чатыры званы, адзін з іх вагай у 5 пудоў (80 кг), другі — два пуды (32 кг), трэці — у пуд (16 кг) і чацвёрты — прыкладна каля пуду. Звон у 5 пудоў ахвяраваны селянінам вёскі Лазовікі Якімовічам у 1822 годзе. Астатнія званы набыты на царкоўныя грошы. У 1856 годзе вакол царквы ўладкованы каменны мур.

Папячыцельства пры царкве зацверджана з 1864 года. Складалася яно з 8 чалавек ганаровых прыхаджан і старшыні. Да 1864 года царкве належалі дзве капліцы: на могілках у Шчотках і Барэйках.  У 1897 годзе сын Ігнація Уладзімір за свой кошт зрабіў капітальны рамонт храма: быў узведзены новы дах, сцены абабіты дошкамі, выведзены вялікі купал, папраўлены падмурак. Праект рэканструкцыі царквы ў нарвежскім стылі распрацаваў і ажыццявіў прыдворны архітэктар Нікаля. Яна мае традыцыйную кампазіцыю: прамавугольны асноўны зруб, роўны з ім па шырыні бабінец, пяцігранная апсіда і складаны шмат’ярусны дах з высокай шатровай вежачкай у цэнтры. На аздабленне алтарнай часткі выкарыстоўвалася пецярбургская сасна. На сродкі У. Друцкага-Любецкага былі закуплены абразы.

Паводле звестак царкоўных летапісаў, пад алтаром храма ёсць склеп, у якім спачываюць продкі князёў Друцкіх-Любецкіх.

Царква і званіца з’яўляюцца помнікамі драўлянага дойлідства з выкарыстаннем элементаў стылю “мадэрн”.

Царква св. Уладзіміра  на могілках у Асінагарадку

На суседнім узгорку, які знаходзіцца цераз дарогу ад Свята-Пакроўскай царквы размешчаны грамадзянскія могілкі. На іх знаходзіцца невялікая царква, якая была ўзведзена за сродкі князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага ў 1902 годзе. Вось як гэта апісваецца ў летапісе Свята-Пакроўскай царквы: “В сем году благодаря щедротам князя Друцкого-Любецкого на Осиногородском кладбище выстроена маленькая деревянная церковь. Закладка совершена была 21 мая сего года”.

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы ў Манькавічах

Так склалася гістарычна, што большая частка насельніцтва Манькавічаў па веравызнанні належала і належыць да праваслаўнай веры, таму і стаіць на ўездзе ў вёску праваслаўны крыж, такія ж крыжы стаяць на могілках, а амаль у цэнтры вёскі ўзвышаецца праваслаўны храм. Царква пабудавана з бутавага каменя. Асноўны квадратны ў плане аб’ём пакрыты пакатым шатром. Да асноўнага аб’ёму далучаны вялікі квадратны бабінец, завершаны вежай званіцы, і паўкруглая апсіда. Пры ўваходзе – невялікі прытвор. Дэкаратыўныя дэталі выкананы з цэглы і атынкаваны. Царква – помнік эклектычнай архітэктуры.

  У 1855 годзе пачалі будаваць каменную царкву. У 1871 годзе ўрачыста асвяцілі каменны храм у імя Успення Прасвятой Багародзіцы, які быў пабудаваны непадалёку ад ранейшай драўлянай царквы дзякуючы фундацыі князя Друцкага-Любецкага. Мяняліся часы, улада, а царква засталася. Праўда, у лістападзе 1943 года будынак быў спалены, знішчаны былі і шматлікія звесткі пра вёску, яе жыхароў і ўладароў. Але вяскоўцы змаглі вынесці з храма ўсё каштоўнае – царкоўныя кнігі, абразы. А ў пасляваенны час ніхто не спяшаўся аднаўляць разбураную праваслаўную царкву. У ёй гадавалі калгасных трусоў. У 90-я гады ХХ стагоддзя храм быў вернуты вернікам і адноўлены.

Капліца-маўзалей У. Друцкага-Любецкага ў Варанцы

Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, князь Друцкі-Любецкі быў жанаты на францужанцы Марыі. Ён памёр у сакавіку 1905 года і быў пахаваны ў капліцы ў Манькавічах. Каб ушанаваць памяць любімага мужа, праз пяць гадоў княгіня пабудавала капліцу каля возера Варанец. На будоўлю з Францыі на шасцярыках валоў вазілі матэрыял, пераважна чорны базальт. Узведзенае збудаванне было непаўторнай прыгажосці. Унутры яго аздаблялі золата і срэбра, на навершшы зіхацеў на сонцы залаты крыж.

У 1910 годзе пры вялікім натоўпе народа цела князя ўрачыста перавезли з Манькавічаў у Варанец. Цела было забальзамавана, знаходзілася ў сярэбранай труне з дубовым футлярам. Падчас Першай сусветнай вайны немцы капліцу разбурылі, а труну з целам князя разрабавалі і скінулі ў возера Доўжа (па іншай версіі – у возера Варанец). На месцы былой капліцы застаўся толькі падмурак. Нядаўна ўдалося адшукаць фотаздымкі, на якіх адлюстраваны капліца і труна князя Друцкага-Любецкага.

Захавалася апісанне ўрачыстасці ў Варанцы, якое звязана з асвячэннем капліцы князя Друцкага-Любецкага [13]. Паводле інфармацыі “Весника Виленскага православнаго Св.-Духовскаго братства”, 26 жніўня 1913 года ў Варанцы адбылася ўрачыстасць, якая прыцягнула шмат народу з мястэчка і суседніх вёсак. У 10 гадзін раніцы маёнтак наведаў Архіепіскап Літоўскі і Віленскі Агафангел, які разам з мясцовымі святарамі асвяціў надмагільны помнік-капліцу над пахаваннем князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага. Высокапрэасвяшчэнны Архіпастар адслужыў вадасвятны малебен, акрапіў капліцу звонку і знутры святой вадой, адслужыў паніхіду па князю. Потым прысутным ён раздаў памятныя крыжыкі і брашуры рэлігійна-духоўнага зместу.

На асвяшчэнні капліцы-пахавальні У.Друцкага-Любецкага прысутнічалі начальнік губерні, камергер Вышэйшага Двара Вяроўкін з жонкай, губернскі прадвадзіцель дваранства г. Красоўскі з жонкай, начальнік Віленска-Ковенскага ўпраўлення Земляробства і Дзяржаўнай Маёмасці Сялянін і прадстаўнікі ўлады Віленскага ўезда. Пасля асвяшчэння капліцы Уладыка наведаў Варанецкае сельскагаспадарчае вучылішча, якое было заснавана і ўладкавана “по мысли и на средства покойного князя В. Друцкаго-Любецкаго”. Там ён сустрэўся і даў бласлаўленне выкладчыкам і вучням.

Пасля гэтага ўдава Марыя Іванаўна Друцкая-Любецкая запрасіла Уладыку і афіцыйных гасцей на сняданак. У сваёй застольнай прамове Архіяпіскап Агафангел добрымі словамі ўзгадаў Уладзіміра Друцкга-Любецкага. Ён высока ацаніў дабрачынную і культурную дзейнасць князя, нагадаў, што той паходзіў са старажытнага роду князёў Паўночна-Заходняй Русі, свядома перайшоў з каталіцтва ў праваслаўе і шмат зрабіў для яго пашырэння сярод мясцовага насельніцтва. Па словах Уладыкі, У. Друцкім-Любецкім былі асабліва “облагодетельствованы” прыходы – Асінагарадоцкі Дзісненскага ўезду, у якім пабудаваў два храмы, і Дунілавіцкі Вілейскага ўезду, дзе аднавіў у акаталічанай частцы гэтага прыходу Ажунскую царкву. У культурным жыцці губерні абметнай з’явай сталася адкрыццё сельскагаспадарчага вучылішча, на якое князь завяшчаў фальварак Варанец і значныя грашовыя сродкі. Напрыканцы сваёй прамовы Архіяпіскап прапанаваў гасцям малітоўна ўспомніць спачылага князя, пасля чаго айцец пратадыякан прамовіў памерламу “боярину Владимиру” вечную памяць, якую праспявалі ўсе прысутныя.

Падчас Першай сусветнай вайны праз тэрыторыю сельскагаспадарчага вучылішча прайшла лінія фронту, якая затрымалася тут амаль на тры гады. У капліцы германцамі быў уладкаваны назіральны пункт, які стаў аб’ектам абстэлу расійскай артылерыі. У выніку капліца была разбурана. Цяпер на яе месцы знаходзіцца падмурак і некалькі кавалкаў чорнага базальту.

Царква Прасвятой Багародзіцы ў Ажунах

Вёска Ажуны – адно са старэйшых паселішчаў на Пастаўшчыне. На карце Радзівіла 1613 года яно паказана як значны населены пункт, у якім ёсць храм. Сапраўды, на той час у Ажунах ужо дзейнічала царква. У апісанні Віленскай губерні, якое было складзена афіцэрамі Генштаба ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, чытаем наступнае: “Ожинская во имя пресвятыя Богородицы, приходская церковь деревянная; когда и кем построенная, неизвестно; к ней принадлежат две приписные церкви Дуниловицкая и Лембовская”.

Як паведамляе Метрыка Літоўская, у сярэдзіне ХVІ стагоддзя ў Ажунах (Ожунічах) быў двор. Валодалі ім прадстаўнікі княскага роду Галаўчынскіх герба “Лебедзь”. Паходзілі яны ад князя Мацвея Мікіцініча, які прыехаў у ВКЛ з дваром Алены Іванаўны, дачкі вялікага князя маскоўскага Івана III, жонкі вялікага князя літоўскага Аляксандра. Вызнавалі праваслаўе, пасля перайшлі ў каталіцтва. Цяжка сказаць хто прадстаўнікоў гэтага роду і колькі часу валодаў Ажунамі, але дакументальна вядома, што ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя ўласнікам паселішча быў сын Мацвея Мікіцініча Астафій Мацвеевіч (?— 6.3.1557). Акрамя Ажунаў яму належалі маёнткі Палачаны, Лужаны, Занарач у Ашмянскім павеце, Маладзечна i Заслаў у Менскім павеце, Новы Двор, Княжыцы, Струня i іншыя.

Цікава, што ў ЗША захоўваюцца ксеракопіі (электронная версія) метрычных кніг храма ў Ажунах. Гэта дакументы за 1809-1827 гады па грэка-каталіцкай царкве, за 1840 год – па праваслаўнай царкве. У канцы ХІХ стагоддзя царква была адрамантавана з фундацыі Уладзіміра Друцкага-Любецкага.

Каталіцкая спадчына

Капліца Друцкіх-Любецкіх у Манькавічах

За ставам, на высокім узгорку, знаходзіцца радавая капліца-пахавальня Друцкіх-Любецкіх. Яна выканана ў стылі позняга класіцызму, і ўтварала з сядзібай, што знаходзілася на супрацьлеглым беразе Мядзелкі, цэльны сядзібна-паркавы ансамбль. Размяшчалася яна па адной восі з сядзібным домам-палацам. Паводле некаторых звестак, капліца была пабудавана ў другой палове ХІХ стагоддзя і ў ёй пахавана Элеанора Друцкая-Любецкая. Пасля смерці князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага ягонае цела таксама спачатку знаходзілася тут, але пазней было перавезена ў капліцу каля возера Варанец.

Капліца пабудавана з бутавага каменя, мае два паверхі: верхняя зала выкарыстоўвалася для малення і службы; пад ёй быў склеп з нішамі-пахаваннямі. Адно з пахаванняў у склепе датуецца 1870 годам. Памеры капліцы прыблізна 10 х 7 метраў.

Раней у капліцы штогод ладзілася свята “Божэ цяло”, на якое з’язджаліся ксяндзы і католікі з наваколля. Зараз жа яна знаходзіцца ў вельмі занядбаным стане: склеп з пахаваннямі разбураны, тынкоўка ў ва многіх месцах абвалілася, абрынуўся дах. У 90-х гадах была зроблена спроба адбудаваць капліцу, нават пастаўлены рыштаванні, але справа далей не пайшла. Так і стаіць зараз гэты невялічкі храм у аблозе рыштаванняў з пачарнелых і падгнілых дошак, чакаючы сваёй долі. А лес усё шчыльней бярэ капліцу ў палон…

Капліца-пахавальня Друцкіх-Любецкіх у Казлоўшчыне

У вёсцы Казлоўшчына на мясцовых каталіцкіх могілках знаходзіцца адметная капліца-пахавальня роду Друцкіх-Любецкіх. Найбольш вядомыя яго прадстаўнікі Ануфрый, яго сын Ігнацый і ўнук Уладзімір – уласнікі Казлоўшчыны і Манькавічаў, мецэнаты, фундатары.

 Капліца была пабудавана ў 1842 (ці 43?) годзе з бутавага каменя. Выклікае захапленне характар кладкі: рознакаляровыя валуны абчасаныя і шчыльна падагнаныя, нібыта ў мазаіцы. Пабудова мае прамавугольную форму, перакрыта двухсхільным дахам. Над фасадным трохкутным франтонам узвышаецца невялічкая сігнатурка. Бутавую муроўку сцен аздабляюць атынкаваныя і пабеленыя архітэктурныя элементы вакол уваходу, каля вокнаў і карнізаў.

У капліцы маюцца два паверхі. У верхнім праводзяцца службы, у ніжнім, цокальным, знаходзіцца сутарэнне з 12 пахавальнымі нішамі, з якіх восем – пустыя, а чатыры, верагодна, з’яўляюцца магіламі.  З апошніх тры замураваныя і на плітах расчытваюцца прозвішчы Марыі з Сніткаў княжны Друцкай-Любецкай, Канстанцыі з Валасоўскіх Святаполк-Мірскай і князя Ігнація Любецкага. Пахаванне жонкі Ігнація, Адэлаіды Святаполк-Мірскай княжны Друцкай-Любецкай, парушана, пліта з надпісам стаіць на падлозе, у нішы знаходзіцца металічная труна. Па словах мясцовых жыхароў, магілу разбурылі яшчэ ў савецкія часы студэнты, якія прыязджалі ў калгас “на бульбу”.

Ніжняя частка агароджы вымуравана бутавым каменем, на адным з якіх захавалася дата будаўніцтва “R 1852”. Намаганнямі ксяндзоў Уладыслава Завальнюка і Юозаса Булькі, мясцовых вернікаў капліца была адрамантавана і цяпер дзейнічае як невялікі касцёл пад тытулам святога апостала Пятра.

Удалося выявіць цікавы запіс з метрычнай кнігі Лучайскага касцёлу за 1873 год, які датычыцца капліцы Друцкіх-Любецкіх у Казлоўшчыне: 27 сентября 1873 года в Козловской частной домашней каплице ксендз Абдон Андржейкович, викарный Лучайского костела, на основании диспенсации, данной местным Эпархиальным Начальством, освобождающей от всех оглашений, зарегистрировал брак благородных Гилярия Ленского (юношу 37 лет) с княжною Мариею Констанциею Друцкою-Любецкою (девицей 19 лет), обоих из г. Вильны прихожан Св. Иановского Р.-К. Костела.

Родители жениха: сын благородных Александра и Марии, урожденной Лебедзинской, Ленских.

Родители невесты: дочь Игнатия и Аделаиды, урожденной Мирских, Друцких-Любецких.

Свидетели: князь В. Друцкий-Любецкий, дворянин Павел Карлович Рауэ и многие другие, при том находящиеся.

Ландшафтна-канструкцыйная спадчына

Сядзібна-паркавы ансамбль у маёнтку Манькавічы

Сядзібна-паркавы ансамбль у Манькавічах пачаў стварацца ў другой палове ХVІІІ стагоддзя па волі гаспадара маёнтка Тадэвуша Жабы. Вядома, што сядзібны дом быў пабудаваны па праекце італьянскага архітэктара Дж. Сака, які, верагодна, распрацаваў і праект усяго ансамблю. Закончаны выгляд архітэктурна-пейзажны комплекс замеў у канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, калі Манькавічамі валодаў князь У.Друцкі-Любецкі.

Ад сядзібнага ансамблю часткова захаваўся прысядзібны парк пейзажнага стылю, высаджаны па берагах ракі Мядзелкі. Перагароджаная плацінай з млынам і мостам, яна стварае на тэрыторыі сядзібы два ставы, якія адыгралі, бадай, галоўную ролю ў яго фармаванні. Архітэктурную кампазіцыю абапал ракі стваралі драўляны палац мяжы ХVІІІ – ХІХ стагоддзяў, які меў багаты збор твораў мастацтва, млын, гаспадарчыя пабудовы на супрацьлеглым беразе Мядзелкі. На ім на схіле пагорку размешчана капліца-пахавальня Друцкіх-Любецкіх.

Сядзібны дом. Сядзібны дом пабудаваны ў другой палове ХVІІІ стагоддзя і быў вырашаны ў пераходным барочна-класіцыстычным стылі. Ён уяўляў сабой аднапавярховы будынак з мураваным чатырохкалонным порцікам з мезанінам і балконам па цэнтры працяглага 13-восевага франтальнага фасада. Галоўны фасад вылучаны двухярусным чатырохкалонным ганкам (у ніжнім ярусе калоны круглыя, у верхнім – квадратныя ў сячэнні) з ажурнай агароджай у другім ярусе і ажурным разным франтонам у завяршэнні. Элементы стылю барока праглядаюцца ў форме “французскага”, з заломам, мансардавага даху, рытмічна падзеленага круглымі вокнамі-люкарнамі ў фігурных ліштвах, у пірамідальным завяршэнні порціка. Плоскасны гарызантальна ашаляваны фасад рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі ў простых ліштвах – класіцыстычны стылёвы матыў. Унутры ад цэнтральнага вестыбюля ў бакі “разбягаліся” анфілады апартаментаў. Уся прастора пад дахам адводзілася пад летняе жыллё.

Сядзібны дом быў спалены падчас Другой сусветнай вайны і потым разабраны да падмурку.

Свіран. Сярод гаспадарчых пабудоў манументальнасцю архітэктуры вылучаўся вырашаны ў стылі ампір мураваны свіран – прамавугольны ў плане на высокім бутавым цокалі цагляны будынак, накрыты двухсхільным гонтавым дахам з трохвугольнымі франтонамі ў тарцах. Вуглы сцен аздоблены рустам, адзін з падоўжаных фасадаў, дзе размяшчаліся ўваходы ў свіран, быў аформлены галерэяй на дзесяці калонах тасканскага ордэра. На сённяшні дзень захаваўся толькі бутавы цокаль пабудовы.

Вадзяны млын. У маляўнічым месцы на рацэ Мядзелка да параўнальна нядаўняга часу стаяў млын. Дакладна вызначыцца з часам яго пабудовы пакуль што немагчыма, але, верагодна, пачатак будаўніцтва прыходзіцца на канец ХVІІІ стагоддзя. Тады Манькавічамі валодаў Тадэвуш Жаба, які пачаў ствараць у гэтай мясцовасці сядзібна-паркавы ансамбль.

У гістарычных крыніцах згадваецца, што ў 1886 годзе ў мястэчку дзейнічаў вадзяны млын з сукнавальняй. У суткі перамолвалася да 12 бочак мукі. Перамол каштаваў па 60 капеек за бочку, а пытляванне – 2 рублі. Млын знаходзіўся ў арэндзе ў яўрэяў, якія плацілі гаспадару, князю Друцкаму-Любецкаму, 1000 рублёў у год. Рамонт млына ажыццяўляўся за кошт арандатара, але з матэрыялаў уласніка. Для гаспадара збожжа малолі дарма.

У міжваенным часе, пры Польшчы, на млыне быў устаноўлены генератар, які працаваў на энергіі падаючыц вады. Выпрацаваны ток ішоў на асвятленне млына і палаца. У другую сусветную вайну млын быў пашкоджаны і некаторы час не працаваў. Нанова яго запусцілі ў пачатку 50-х гадоў і ён дзейнічаў да канца 80-х, праўда, збожжа малолі ужо з дапамогай электрычнасці.

У першай палове 90-х гадоў млын пачалі пакрысе разбіраць мясцовыя жыхары і дачнікі, а пад час моцнай буры будынак паваліўся. Зараз на ягоным месцы засталося толькі некалькі металічных балак і две турбіны з прыладамі, а вакол – кустоўе ды быллё.

Сядзібна-паркавы ансамбль у маёнтку Казлоўшчына (“Казлоўск”) 

Вёска носіць назву Казлоўшчына з пачатку XX ст. Раней – маёнтак “Казлоўск”, ўласнасць роду Жабаў, потым з XV ст. перайшоў да нашчадкаў роду князёў Друцкіх-Любецкіх і належаў ім да ХХ стагоддзя. У 1859 г. тут пабудаваны вадзяны млын, які захаваўся да цяперашняга часу. У 1865 г. быў запасны магазін. З 1884 г. была школа граматы. У 1888 г. у маёнтку дзейнічала садова-агородная школа, рэарганізавана праз 4 гады ў гаспадарча-аграрную. Вырабленая вучнямі прадукцыя карысталася попытам у спажыўцоў, экспанавалася на Выстовка ў Вільні, Пабраде, Ноўгарадзе, дзе былі атрыманы 23 медалі. У 1905 г. у Вілейскім павеце. У 1939 г. дробны прыватны магазін, пачатковая школа, дзе вучылі на польскай мове. У 1933 г. непадалёк ад Казлоўшчыны ўсталяваны памятны знак да 1900-годдзя хрысціянства.

Сядзібны комплекс. Сядзіба ўласнікаў размяшчалася на высокім узгорку на паўночным беразе возера Ласіца. Гэта быў вялікі комплекс, які ўключаў жылую частку з усходнім парадным пад’ездам, ад якога засталіся дзве цагляныя калоны і гаспадарчая частка, дзе размяшчаліся вялікія аборы, стайні, свінарнікі. На самым беразе возера захаваліся рэшткі сцен глінабітнай пабудовы. Раней тут быў бровар (па іншай версіі – сырзавод), пасляваенным часам дзейнічала млячарня: у яе прывозілі на конях малако, а затым з яго рабілі сыр, вяршкі і сывыратку.

На месцы былога сядзібнага дому да 2014 года знаходзілася мясцовая школа, але пасля закрыцця яна ў хуткім часе, 3 студзеня 2017 года, згарэла: пажарам былі пашкоджаны сцены, перакрыццё другога паверху і падлога. Некалькі гаспадарчых пабудоў, рэшткі парка і бровара яшчэ акрэсліваюць рамантычныя рысы старадаўняй сядзібы.

На возеры, насупраць сядзібнага дома, па словах мясцовых жыхароў, быў штучна створаны востраў, які і зараз цудоўна ўпрыгожвае краявід. Паводле легенды, па загаду мясцовага пана тутэйшыя жыхары на ладдзях звозілі на сярэдзіну возера каменне і кідалі іх у ваду. Рабілі яны гэта да таго часу пакуль не ўтварылася штучная выспа. Пазней на ёй назапасіліся іл і пясок, пачалі расці дрэвы і травы. Праўда, да яго мала хто падплывае, бо баяцца, што ён зноў можа пайсці пад ваду. Да таго ж, зрэдку чуваць, як на востраве хтосьці плача.

Вадзяны млын. У вёсцы на рацэ Ласіца захаваўся вадзяны млын, які быў збудаваны ў 1859 годзе, аб чым сведчыць камень з надпісам на ўваходзе. Абсталяванне абнаўлялася ў 1920-я і 1950-я гады. Млын мае тры паверхі: ніжні крыху заглыблены, паўпадвальнага тыпу, вышэй размешчаны жорны, на трэцім стаяла абсталяванне для прасейвання мукі. У будунку захаваўся стары грузавы ліфт, засталіся розныя старыя механізмы. Акрамя памолу збожжа млын выконваў і некаторыя іншыя важныя функцыі. На ім было ўсталявана электрагенеравальнае абсталяванне за кошт якога асвятлялася вёска Казлоўшчына і сядзіба Друцкіх-Любецкіх. У драўлянай прыбудове да каменнай часткі млына размяшчалася лесапіка, на якой выраблялі гонту – матэрыял для даху ў выглядзе драўляных пласцін. Акрамя гэтага млына мелася некалькі ставоў, куды на зіму запускалі рыбу, якую вылавілі ўвосень і не паспелі прадаць. Апошнім часам млын прыватызаваны і на ім праводзіцца рэканструкцыя, якая дазволіць ператварыць гэту адметную старую пабудову ў цікавы турысцка-экскурсійны аб’ект.

Тапанімічная спадчына

На Пастаўшчыне маюцца дзве геаграфічныя назвы, якія звязаны з родам Друцкіх-Любецкіх: чыгуначная станцыя Навадруцк і царква святога Уладзіміра на могілках у Асінагарадку.

Навадруцк – чыгуначная станцыя каля аграгарадка Парыж за 23 км на ўсход ад Варапаева. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Луцкай воласці Дзісненскага павета. Назва з’явілася ў канцы ХІХ стагоддзя, калі тут узнікла станцыя на першай у Расійскай імперыі прыватнай чыгуначнай лініі Новасвянцяны – Беразвечча (Глыбокое). Названа яна ў гонар князя У.Друцкага-Любецкага, які прычыніўся да будаўніцтва чыгункі. Назва “Навадруцк” захавалася да сёння толькі ў найменні чыгуначнай станцыі, вёсцы вярнулі назву Парыж.

Царква на могілках у Асінагарадку атрымала тытул святога Уладзіміра ў знак падзякі Уладзіміру Друцкаму-Любецкаму, які выдаткаваў сродкі на яе пабудову.

 

Заключэнне

Род Друцкіх-Любецкіх утварыў на Пастаўшчыне асобную галіну, прадстаўнікі якой валодалі значнымі зямельнымі ўгоддзямі і вёскамі з канца ХVІІІ стагоддзя да 1939 года. Род Друцкіх-Любецкіх спачатку перадаваўся па мужчынскай лініі (Ануфрый, яго сын Ігнацый і ўнук Уладзімір), пазней, праз сястру Уладзіміра Марыю прадоўжыўся ў нашчадках родаў Ленскіх і Галераўю Ва ўласнасці Друцкіх-Любецкіх знаходзіліся маёнткі Манькавічы і Казлоўчына (“Казлоўск”), дзе былі створаны мясцовыя гаспадарчыя цэнтры і сядзібна-паркавыя ансамблі.

Прадстаўнікі роду Друцкіх-Любецкіх на Пастаўшчыне пакінулі багатую матэрыяльную і духоўную спадчыну. Сярод іх асабліва вызначыўся Уладзімір Друцкі-Любецкі – адметны дзеяч канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя на абсягах паўночна-заходняй Беларусі. Ён выдаткаваў сродкі на адбудову праваслаўных храмаў у Манькавічах, Асінагарадку, Ажунах, уладкаванне сядзібна-паркавых ансамбляў у Казлоўшчыне і Манькавічах. Князь далучыўся да будаўніцтва чыгункі Новасвянцяны-Беразвечча, перадаў свой фальварак “Варанец” для стварэння селькагаспадарчага вучылішча для сялянскіх дзяцей. Да ўсяго гэтага ён быў суаўтарам і фундатарам адной з першых краязнаўчых кніг “Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага і Вілейскага паветаў Віленскай губерні” (1896).

Сабраныя матэрыялы дазволілі зрабіць апісанне матэрыяльных помнікаў, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю У. Друцкага-Любецкага. Захаваныя элементы былых пабудоў даюць магчымаць выкарыстоўваць іх у турысцка-экскурсійнай дзейнасці.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Дело “Об открытии сельскохозяйственной школы фермы “Воронец” 1904 г. // Материалы Литовского государственного исторического архива, Ф.525, №1642.
  2. Дубоўка, М. Мае санаторыі і курорты / М. Дубоўка // Маладосць – 1994. – № 2. – С. 201–234.
  3. Дубоўка, У. Пялёсткі/Уладзімір Дубоўка. Мн.:Мастацкая літаратура, 1973.124 с.
  4. Зямчонак, І. Вёска Манькавічы / Іосіф Зямчонак. Наш край. 1997. № 7 (80). С.
  5. Краткие сведения о Маньковичском приходе и приходском храме Успения Божей Матери // Матэрыялы Пастаўскага краязнаўчага музея. – 1992. – 3 с.
  6. Кулагин, А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Беларуси / А. Н. Кулагин. – Мн.: Беларусь, 1981. – 118 с.
  7. Летапіс в. Манькавічы (рукапіс) // Матэрыялы Пастаўскага краязнаўчага музея (70-я гады ХХ ст). – 7 с.
  8. Матэрыялы апытання жыхароў вёскі Манькавічы // Уласны архіў І. М. Пракаповіча.
  9. Матэрыялы рукапіснага аддзела Віленскага дзяржаўнага універсітэта // F 34 – GD
  10. Поездка Высокопреосвящённейшего Владыки в м. Поставы и в им. Воронец // Вестник Виленскага православнаго Св.-Духовскаго братства. – 1913. – № 18. – С. 333-335.
  11. Пракаповіч, І., Заяц, І. “О Беларусь, мая шыпшына…”: На радзіме У. Дубоўкі / Ігар Пракаповіч, Ірына Заяц. – Мінск: Тонпік, 2007. – 128 с.: іл.
  12. Пракаповіч, І.М. Ваколіцы Паставаў: помнікі прыроды, гісторыі і культуры з маршрутамі краязнаўчых вандровак / І.М. Пракаповіч. – Паставы, Сумежжа, 2004. – 60 с.: іл.
  13. Сапунов, А., Друцкий-Любецкий, В. Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии / Алексей Сапунов, Владимир Друцкий-Любецкий. – Витебск, 1896.

 

 

Daria Danilevich, Alisa Yanush, Igar Prakapovich:   The legacy of the Drutsky-Lyubetsky clan in the Postavy district

(magazineCULTURE. NATION”, April 2020, issue 25, pp.96-118,  www.sakavik.net)

The article presents the results of a study of the heritage of Drutsky-Lyubetsky in the Postavy district. Drutsky-Lyubetsky’s, a well-known clan on the territory of the Grand Duchy of Lithuania, the Commonwealth of Two Peoples and the Russian Empire, left a rich cultural heritage on the territory of Northwestern Belarus. Representatives of the Pastavy branch of this fa,ily, such as Anufry, Ignatius Stanislav, and Vladimir Drutsky-Lyubetsky’s, Svyatopolk-Mirsky’s, Lensky’s, Galery and others, left behind manor and park ensembles in Mankavichi and Kazloushchyna, temples and chapels in Asinagaradok, Kazloushchyna, Mankavichi, Varanets, Azhuny, Navadrutsk railway station in “Belarusian Paris”, agricultural school in Varanets, results of study “Materials on the history and geography of Dzisna and Vileika districts of the Vilnja province”.

Дарья Данилевич, Алиса Януш, Игорь Прокопович    Наследие рода Друцких-Любецких в Поставском районе

(журнал «КУЛЬТУРА. НАЦИЯ», апрель 2020, выпуск 25, стр. 96-118, www.sakavik.net)

В статье представлены результаты изучения наследия Друцкого-Любецкого в Поставском районе. Друцкие-Любецкие, известный род на территории ВКЛ, Содружества Двух Народов и Российской империи, оставили богатое культурное наследие на территории северо-западной Беларуси. Представители поставской ветви этого рода, такие как Ануфрий, Игнатий Станислав, и Владимир Друцкие-Любецкие, Святополк-Мирские, Ленские, Галеры и другие, оставили после себя усадебно-парковые ансамбли в Маньковичах и Козловщине, храмы и часовни в Асинагородке, Козловщине, Маньковичах, Воронце, Ажунах, железнодорожный вокзал Навадруцк в «белорусском Париже», сельскохозяйственное училище в Воронце, научную работу «Материалы по истории и географии Дзисненского и Вилейского уездов Виленской губернии».



Categories: Асьвета, Гісторыя, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар