Ігар Пракаповіч: Два жартоўныя апавяданьні (вэб-часопіс “Культура. Нацыя”, №26, сьнежань 2020, с.178-180.

Два жартоўныя апавяданьні, прысвечаныя розным эпізодам з жыцьця беларускіх сялян, маюць адну агульную рысу – усе яны адлюстроўваюць немудрагелісты і просты народны гумар.

ЖАРОБНАЯ КАБЫЛА

Было гэта пры першых Саветах. Тады як раз пачалі сялян зганяць у калгасы. Казалі – дзеля таго, каб жыць было лягчэй, а на самой справе, каб кіраваць ды абіраць сялян ямчэй было.

Вось прыехаў у вёску ўпаўнаважаны – пыхлівы, франтавата апрануты “начальнік”. Па “вышэйшым” загадзе сабралі сялян у самай вялікай хаце, ну і давай ім гэты ўпаўнаважаны “маралі чытаць”. Пачаў вучыць вяскоўцаў як садзіць, як  сеяць, як араць, як капаць.

Слухалі яго мужыкі, пасміхаліся сабе ціха ў вусы ды бароды, навучаныя рознымі панамі, ківалі галовамі ці то ў знак згоды, ці то, каб не заснуць. А ўпаўнаважаны, прыняўшы маўклівае качанне мужыцкіх галоў за адабрэнне сваёй прамовы, натхняўся ўсё больш і больш. Апагей ягонага пафасу прыйшоўся на ўгнаенні.

– Товарищи крестьяне, – ўзрушана звяртаўся ён да мужыкоў, – самый лучший навоз – это куринный помёт. Поэтому, дорогие товарищи, главная задача  нынешнего момента – это собрать как можно больше куриного помёта и угноить поля.

Відаць, каб завязаць жывую дыскусію, ён звярнуўся да Гіляра – мужыка сярэдняга веку, які сядзеў перад ім.

– А скажите, товарищ, какую площадь может удобрить одна курица?

Гіляр – чалавек на выгляд вельмі спакойны і сур’ёзны, быў на самой справе вялікім жартаўніком. Ён разважліва пачухаў патыліцу і кажа (для смеху):

  • Лічу, што, пэўна, з гактар зможа ўгноіць.
  • А сколько курей имеешь?
  • Васемнаццаць.
  • А земли?
  • Васемнаццаць гактараў.
  • Вот видишь, товарищ, ты своими курями можешь удобрить всю свою землю.

Мужыкі, якія слухалі гутарку ледзь стрымліваючы смех, пасля апошніх слоў упаўнаважанага выбухнулі дружным рогатам.

Начальнік спачатку пачырванеў ад няёмкасці, а потым пабялеў ад злосці – зразумеў, што яго падкузьмілі. Але, як вопытны палітбаец, пазіцыі не пакінуў.

Калі рогат трохі суняўся, з мужыцкай грамады падняўся Ігнат, першы на вёсцы на розныя “штукі”.

– Вось Вы, шаноўны начальнік, кажаце, што дужа добра курынае га…, прашу прабачэння, памёт. А вось жа мой дзед казаў, што найбольшую карысць зямлі дае мача жаробнай кабылы. Я ўжо назбіраў тры вядры…

Пра што казаў Ігнат далей, сказаць немагчыма, бо хата застагнала ад смеху. А ўпаўнаважаны  выскачыў з хаты і, сеўшы на каня, рвануў у райцэнтр.

АНДРОНІК

            Быў чацверты дзень пасля Вялікадня. Быццам бы і рабочы дзень, а свята, ўсё ж, напамінала пра сябе. З раніцы ў калгаснай майстэрні чуўся павышаны тэмбр размоў, жарты і кпіны: механізатары і слесары пахмяліліся і таму настрой панаваў прыўзняты. Цягнула на гутаркі, а вось да работы вялікай, а дакладней ніякай, ахвоты не было. Але ж працаваць было трэба. І кожны, ў залежнасці ад розуму і колькасці алкаголю ў крыві, рабіў работу або рабіў выгляд. Хто соваўся туды-сюды па майстэрні з выглядам як бы што шукае, хто ляпаў малатком па якой-небудзь жалязяцы, хто, вымазаўшы саляркай рукі, перабіраў ключы. Але большасць у чарговы раз рабіла перакур.

Неўзабаве прыехаў галоўны інжынер. Ён таксама быў пасля апахмелу, але выглядаў як цвярозы. Пабачыўшы, што работа ідзе абы як, крычаў на механізатараў. Але без энтузіязму, бо на душы і ў страўніку было ўсё ж даволі камфортна. Ён шукаў вачамі, каб хоць каго-небудзь паставіць у прыклад. І нечакана для сябе знайшоў. З-пад Андронікавага трактара тырчэлі ногі і было бачна, што рукі трактарыста падняты ўверх да кардана.

    – Вось, – сказаў галоўны інжынер, – глядзіце, як трэба рабіць! Малайчына, Андронік!

Механізатары абступілі галоўнага інжынера каля трактара. І трэба ж, як раз тады, калі галоўны інжынер толькі пачаў па новай даваць раскрутку мужыкам, з-пад трактара данеслася мірнае пахрапванне.

Інжынер зазірнуў пад трактар і ўбачыў міленькую карцінку: Андронік салодка спаў прывязаўшы рукі да кардана.

Галоўны інжынер нічога не заставалася, як успомніць нядобрым словам бліжэйшую радню і выйсці з майстэрні. Дружны рогат яшчэ доўга гучаў вакол трактара “выдатнага” работніка.

З таго часу, заўважыўшы, што Андронік што-небудзь робіць, кожны весела ўскрыкваў: “Глядзіце! Як трэба рабіць!”

Андронік усміхаўся і адказваў гучным храпам.

Резюме

Игорь Прокопович    Два юмористических рассказа: «Беременная лошадь», «Адроник»

(журнал «КУЛЬТУРА. НАЦИЯ», декабрь 2020 , выпуск 26, с.178-180, http://www.sakavik.net)

Два юмористических рассказа из жизни белорусских крестьян объединяет одно – все они отражают незатейливый и простой народный юмор.

….

Abstract

Igаr Prаkаpovich: Two humorous stories – “Pregnant horse”, “Andronik”

(web-magazine “Culture. Nation”, issue 26, December 2020, pp.178-180,  www.sakavik.net)

Two humorous stories about different episodes from the life of Belarusian peasants have one thing in common – they all reflect unpretentious and simple folk humor.



Categories: Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: