Анатацыя. У артыкуле робіцца спроба разгледзець пытанеьне пра тое, чаму дасюль, сьведама або не, у беларускай гістарыяграфіі захоўваецца старая расейскацэнтрычная сістэма каардынатаў, чаму большасьць падзеяў і зьяваў разглядаюцца не з беларусацэнтрычных, а з іншых пунктаў аналізу, або гравітуючых да Расеі, або да абстрактных “агульначалавечых”, дэнацыяналізаваных пазіцыяў, але не з пункту аналізу і разгляду інтарэсаў і памкненьняў насельнікаў беларускіх земляў. Гэтае пытаньне наўпрост зьвязанае з тэлеалёгіяй, сукупнасьцю мэтаў, якую перасьледуе стварэньне і разьвіцьцё гістарыяграфіі, у нашым выпадку – гістарыяграфіі беларускай. У дадзены час афіцыйная, зьвязаная з дзяржструктурамі гістарыяграфія Беларусі амаль цалкам падпарадкоўваецца канонам колішняй савецкай гістарыяграфіі й запазычвае новыя напрацоўкі расейскіх гісторыкаў, бальшыня зь якіх знаходзяцца пад уплывам шавіністычнай ідэалёгіі. З другога боку, шэраг гісторыкаў ды аўтараў на гістарычныя тэмы, што стаяць па-за афіцыйнай гістарыяграфіяй, некрытычна запазычваюць напрацоўкі й тэндэнцыі з левалібэральных крыніцаў у сёнешнім Вольным Сьвеце. Таксама абгрунтоўваецца патрэба самастойнага, беларусацэнтрычнага погляду на гістарычныя падзеі й зьявы ў Беларусі, які натуральна мусіць і можа мець незалежная краіна і суверэнная нацыя. Актуальнасьць фармаваньня беларусацэнтрычнай гістарыяграфіі й нацыянальна скіраванай гістарычнай памяці падцьвярджаюць падзеі нядаўняга і бягучага часу ў Беларусі, калі народ масава падняўся на пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў у Беларусі, і абраў нацыянальныя сымболі сваімі сымболямі пратэсту, а рэжым пусьціўся на фальсыфікацыі ды інсінуацыі, каб апаганіць гэтыя сымболі, абмазаць брудам гісторыю беларускага незалежніцкага руху.
Беларускія землі маюць ужо больш як 1000 год пісанай, фіксаванай гісторыі. Назапашаныя крыніцы і зарэгістраваныя факты рэгулярна пашыраюцца, расьце корпус гістарычных і гістарыяграфічных працаў. Але дасюль яшчэ не зусім ясны прадмет вывучэньня беларускай гісторыі. З аднаго боку, існуе шэраг працаў і папулярнай літаратуры, дзе ўсе падзеі й асобы, што ў нейкі спосаб датычныя Беларусі, напрыклад, залучаюцца ў склад беларускай гісторыі, з другога боку, пэўныя гіпэр-карэктныя навукоўцы пярэчаць залучэньню ў каноны беларускай гісторыі такіх падзеяў, як Грунвальдская бітва або паўстаньне 1831 году, і такіх асобаў, як Францішак Скарына або Кастусь Каліноўскі, бо згодна з іхнымі паглядамі, Скарына і Каліноўскі не маглі належаць да беларускай нацыі, таму што тая, маўляў, пачала стварацца не раней канца 19-га стагоддзя. Некаторыя дасьледчыкі гавораць пра паасобныя гісторыю гэбраяў у Беларусі, гісторыю расейскага панаваньня ў Беларусі, гісторыю БССР і г.д. – гэта значыць, яны стаяць за сукупнасьць дыскрэтных паасобных гісторыяў, якія разам нібыта могуць даваць адказ на пытаньне аб гістарычным мінулым беларускіх земляў. І над гэтым цёмнай хмарай вісіць вялікадзярджаўна расейская і савецкая гістарыяграфія, працягам каторых ёсьць сучасная афіцыйная пост-савецкая гістарыяграфія. Гэтая апошняя мэтанакіравана абыходзіць пытаньні, зьвязаныя з нацыянальнай беларускай тэматыкай, а ў тых выпадках калі яна закранае беларускі нацыяналізм часоў Другой сусьветнай вайны, у ход ідуць догмы й мэтады савецкай гістарыяграфіі, якія нічым не адрозьніваюцца ад мілітарызаванай прапаганды. Падчас масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і наступнага тэрарызаваньня рэжымам насельніцтва Беларусі, догмы савецкай прапаганды і новыя “напрацоўкі” лукашэнкаўскіх псэўда-гісторыкаў былі скарыстаныя для крыміналізацыі акцыяў непадпарадкаваньня і выкарыстаньня беларускіх нацыянальных сымболяў.
Зьявілася цэлая кагорта “разбуральнкаў мітаў” беларускай гісторыі, у тым ліку пра БНР і пра часы Вялікага Княства Літоўскага. Мікола Ермаловіч, чые працы абудзілі цікавасьць да ўласнай гісторыі, фактычна “беларусізавалі” Вялікае Княства Літоўскае ды выклікалі непараўналны прыліў энтузіязму і гонару за ўласную гісторыю, за ўласны народ – ён не ў пашане. Між тым, як пісалі клясыкі, “Міты -гэта тое, што трымае грамадства разам”. Чамусьці міты расейскія, тыя якімі наскрозь прасякнутыя ўсе пост-савецкія наратывы ў Беларусі, не выклікаюць сярод “міт-бастэраў” вялікага энтузіязму да разбурэньня.
Праз 30 год фармальна незалежнага існаваньня Рэспублікі Беларусь яе гістарыяграфія знаходзіцца ў стане хіба параўнальным да стану гістарыяграфіі расейскіх правінцыяў – якой Рэспублікі Башкортастан, ці Бураціі. Беларуская гісторыя разглядаецца з пазыцыяў, што базуюцца на ідэях і пастулятах расейскай гістарыяграфіі, якія часта зьяўляюцца шавіністычнымі й пагардлівымі ў адносінах да беларусаў, як насельнікаў на землях, што ўважаюцца “ісконі” расейскімі.
Але дзе знаходзіцца мэта гістарычных наратываў адносна Беларусі, якая звычайна завецца – тэлеалёгія, у чым яна? Ці намацваецца беларуская тэлеалёгія, і куды яна хіліцца? Ці спрыяюць гэтай тэлеалёгіі такія, скажам, “актуальныя” новыя працы як росшукі пра ролю прафсаюзаў у індустрыялізацыі БССР, або заглыбленьне ў біяграфічныя дэталі з жыцьця паваенных першых сакратоў КПБ?
У афіцыёзнай гістарыяграфіі сучаснай Беларусі закладзеная створаная пераважна ў савецкія часы дэфармацыя гістарычнага наратыву ў адносінах зьяваў і падзеяў, датычных Беларусі – утварэньне беларускага нацыянальнага руху разглядаецца як вынік польскага палітыкаваньня супраць Расеі, БНР абвяшчаецца нямецкай інтрыгай, а Другая сусьветная вайна ў Беларусі падаецца як пераможнае змаганьне савецкіх партызанаў і Чырвонай арміі супраць фашыстаў ды купкі іхных памагатых-калябарантаў. Усё падзеі, усе асобы працягваюць разглядацца праз прызму каштоўнасьцяў, ацэнак ды інтарэсаў замежнай краіны – Расеі.
Дзе ў той афіцыйнай гістарыяграфіі хоць штосьці ўласна беларускае? Здавалася-б, кожны сумленны і прыстойны гісторык-прафэсіянал, кожны лягічны чалавек у Беларусі можа толькі падтрымоўваць беларусацэнтрычную гістарыяграфію ў Беларусі. Але, безумоўна, ня ўсё так гладка і проста. Да праблемаў чыста гістарыяграфічных дадаюцца праблемы палітычныя, а і наагул функцыянаваньне, фіксаваньне ды інтэрпрэтацыя гістарычнай памяці. У гэтай сувязі прыкладам пераўвасабленьня гістарычнай памяці ў гістарыяграфічным наратыве могуць быць выпадкі з Сьвятланай Алексіевіч і Рыгабэртай Мэнчу, набэліянткамі адпаведна зь Беларусі й Гватэмалы, што у сваіх творах адвольна карысталі інфармацыю аб гістарычных падззеях, ды мянялі яе ў адпаведнасьці са сваімі ідэялягічна матываванымі мэтамі.
Глянуўшы шырэй, на сусьветны прасьцяг, бачым як на вачох некалькіх генэрацыяў адбылася, напрыклад, у амэрыканскім гістарыяграфічным наратыве трансфармацыя зьместу Грамадзянскай вайны ў ЗША у змаганьне за зьнясеньне рабства, а ў гістарыяграфіі большасьці краінаў Захаду – трансфармацыя зьместу Другой сусьветнай вайны – як у значнай ступені змаганьне дзеля абароны і выратаваньня эўрапэйскіх гэбраяў, хоць гэты наратыў зьявіўся адносна нядаўна, у 1980-я гады. Беларускім гісторыкам варта ўважліва прыгледзецца да гэтых зьяваў, і адкласьці для сябе рацыянальныя зерняткі, адкінуўшы тэндэнцыйную і непрыдатную палову.
***
Што-ж на сабой справе мусім разумець пад беларускай гісторыяй або гісторыяй Беларусі, ці гэта тое-ж самае, ці не? І што мусіць быць прадметам беларускай гісторыі? Пэўныя паралелі можна намацаць у пытаньні пра тое, што ёсьць беларуская літаратура, і што ёсьць літаратура Беларусі, ці адно гэта і тое-ж. Ці зьяўляюцца творы Адама Міцкевіча і Уладзіслава Сыракомлі, Мэндалэ Мойхэр-Сфорым і Залмана Шнэвура фактам беларускай літаратуры, калі месца дзеяньня твораў- беларускія засьценкі й мястэчкі, дзеявыя асобы – мясцовыя жыхары, але і мова, і нацыянальнае вызначэньне іх ня ёсьць беларускімі ў сучасным, сьцісла вызначаным, сэнсе?
Яшчэ адной важнай рысай для разгляду мусіць зрабіцца сыстэма каардынатаў, гэта значыць разгляд матывацыяў і ацэнка дзейнасьці гістарычных актораў праз прыкладаньне да іх аналізу ды мэтадалёгіі, што лічаць цэнтар вагі ды важнасьці разьмешчаным менавіта ў межах самой Беларусі або дакладней – беларускіх земляў. Адмаўляючыся пры гэтым ад паглядаў на беларускія землі як заўсёдную частку нечага большага, і як усяго толькі сэгмэнт больш значнай, істотнай, інтэгральнай гістарычнай геаграфічнай цэласьці, але не каштоўнасьць і мэту самую ў сабе.
Праца па гісторыі Бэльгіі, напісаная з пазыцыяў францускіх, ёсьць найперш фактам францускай гістарыяграфіі, і можа ўважацца бельгійскай гістарыяграфіяй за факт другасны. Падобна гэтаму, нямецкія працы пра Аўстрыю (г. зн. працы пра Аўстрыю ў кантэксьце нямецкай гісторыі) ёсьць факты гістарыяграфіі нямецкай, а працы аўстрыйскія пра Славенію, у кантэксьце гісторыі Аўстрыі – факты аўстрыйскай гістарыяграфіі. Абсалютна гэткім жа чынам працы па гісторыі Беларусі могуць уважацца за першасныя факты беларускай гістарыяграфіі толькі ў тым выпадку, калі яны напісаныя з пункту гледжаньня пазыцыі беларускіх насельнікаў, ацэньваючы ў першую чаргу падзеі й матывацыю актораў у сувязі з іхнымі лякальнымі, прывязанымі да месца, да жыцьця на беларускіх землях, інтарэсамі.
На сёнешні дзень у беларускай гістарычнай навуцы існуюць некалькі лягераў, якія апэруюць несумяшчальнымі, або цяжка сумяшчальнымі, катэгорыямі й прыкладаюць адрозныя крытэры да гістарычных падзеяў і асобаў. Пытаньне “настрыфікацыі” беларускага ў гісторыі зьяўляецца адкрытым, мэтодыка і катэгарыйны апарат застаюцца ў працэсе фармаваньня.
Вывучэньне Беларусі ў Вольным сьвеце таксама застаецца ў зародкавым стане, і па-за невялікай колькасьцю працаў пераважна нямецкіх навукоўцаў гісторыя Беларусі ўяўляе сабой экзатычную дысцыпліну, новатвор, такі сабе кшталт невялікага астэроіду, што зьявіўся на гістарычным небасхіле пасьля каляпсу плянэты “СССР”, і разглядаецца толькі ў кантэксьце існаваньня гэнай плянэты.
У сувязі з гэтым варта зьвярнуць увагу на тэрміналёгію. Што, пры апісаньні гістарычных падзеяў і асобаў, можна ўважаць за беларускае і за беларусаў. Калі пачаць з этна-геаграфічнага акрэсьленьня краіны ў розныя гістарычныя эпохі, найбольш слушным падецца найменьне “беларускія землі”. Часьцяком чуюцца пярэчаньні збоку гіпэр-карэктных апанэнтаў супраць таго, каб называць, скажам, мову створаных на беларускіх землях і пераважна кірылічных летапісаў, статутаў, прывілеяў ды іншых дакумантаў, перакладаў Бібліі – беларускай або старабеларускай. У якасьці аргуманту выстаўляецца тое, што марфалягічныя і лексычныя рысы не тоесныя сучанай беларускай мове, і што самыя аўтары называлі яе інакш. Тое-ж тычыцца і, скажам, пераважнай большасьці насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага часоў Скарыны, або насельніцтва, што трапіла пад першы разбор Рэчы Паспалітае. Гэты сялянскі акіян, што меў выспачкі – гарады і мястэчкі, з прыцярушваньнем у выглядзе шляхты й гэбраяў: ці ён можа быць названы беларускім, калі самыя ягоныя прадстаўнікі называлі сябе інакш?
Між тым назовы “старабеларуская мова”, “старажытная беларуская мова” для мовы кірылічных і некаторых лацінічных пісьмовых помнікаў часоў Вялікага Княства Літоўскага не зьяўляюцца нелягічнымі. Тое-ж і для назову “прота-беларуская мова” для, скажам, беларускай рэдакцыі стараславянскай мовы, а й нават сымбалічна -мовы, напрыклад, Сьв. Кірылы Тураўскага. Вялікае Княства Літоўскае мае ня менш падставаў звацца “Старабеларуская дзяржава”, чымся, напрыклад, Бізантыя – звацца сярэднявечнай грэцкай дзяржавай, або Харэзм – старажытнай туркмэнскай дзяржавай. Нягледзячы на гарантаваны супраціў навукоўцаў, найперш з іншых краінаў, што гістарычна мелі дачыненьне да Вялікага Княства Літоўскага, аргумэнтацыя на карысьць беларускасьці выглядае найбольш лягічнай і пасьлядоўнай.
І, безумоўна, насельніцтва беларускіх земляў мае ўсе гістарычныя, генэтычныя і лягічныя падставы быць называным старажытнымі беларусамі, старабеларускім або, у ранейшыя часы, прота-беларускім этнасам.
Пры гэтым трэба быць гатовымі да рэцэпцыі пэўнага анахранізму, але гэта ня будзе зьявай гратэскавай і/або унікальнай, пасьля таго як тысячагадовая Усходняя Рымская імпэрыя “рамеяў” стала называцца Бізантыяй, і яе падданыя – адпаведна бізантыйцамі, або пасьля як Пэрсыя стала Іранам, усходнія албанцы-асецінамі, кара-кіргізы – казахамі, а Грузія плянуе пачаць міжнародную кампанію па замене сваёй назвы ў сусьветным ужытку на “Сакартвэла”.
Падобным чынам мае сэнс разгледзець “нацыянальную” прыналежнасьць выбітных гістарычных асобаў, што паходзілі з беларускіх земляў або мелі да іх дачыненьне, як, напрыклад, князі Вітаўт і Ягайла, гетман Сапега, асьветнік Будны, генэрал Касьцюшка, пісьменьнік Баршчэўскі, мастак Шагал, філязоф Лоскі. Неабходна выпрацаваць шэраг крытэраў, якія-б прыкладаліся да высьвятленьня ступені заангажаванасьці дадзенай асобы ў беларускую гісторыю.
Дарэчы, адной з першых задачаў сапраўды беларускай гістарыяграфіі мусіла-б зрабіцца супастаўляльнае аналізаваньне і асэнсаваньне гістарычнага шляху сумежных і су-абшарных нацыяў і этнасаў, перадусім украінцаў, палякаў, гэбраяў-літвакоў і літоўцаў.
Скончыўшы з пытаньнем тэрміналёгіі, варта было-б зьвярнуцца да пытаньня мэтодыкі, цэнтру вагі й каардынатаў. Калі пагледзець на гістарычную анамастыку, што зафіксаваная ва урбаністычных назвах сёнешняй Беларусі, відавочна што цэнтар вагі сучаснай беларускай гістарычнай сьведамасьці, прынамсі ў яе афіцыйным выяўленьні, застаецца па-за межамі сучаснай Беларусі. Чаго вартыя хаця-б назвы і помнікі, што засталіся ад 74-гадовага камуністычнага панаваньня ў Беларусі, амаль 30 год пасьля зьнікненьня камунізму, пераважна бяз усялякіх зьменаў.
Безумоўна, савецкі перыяд гісторыі Беларусі ўтрымлівае шмат кантравэрсыйных і складаных тэмаў, але ён варты пільнага разгляду і аналізу, бо сытуацыя існаваньня і разьвіця беларускай нацыі ў несвабодзе пры Саветах дакладна адлюстроўваецца ў грамадскай і палітычнай сытуацыі ў сучаснай Беларусі, і мэтадалягічныя і факталягічныя знаходкі пры разглядзе гісторыі БССР могуць быць стасаваныя і для аналізу найноўшага часу і сучаснасці, да падзеяў, інстытутаў і асобаў у сёнешняй РБ.
У міжчасе беларуская сытуацыя ўскладненая магутным сілавым полем з Расеі, амаль кожная тэма зь беларускай нацыянальнай гісторыі ў той ці іншы спосаб уступае ва ўзаемадачыненьні з расейскай гісторыяграфіяй, праз паток кнігаў, перыёдыкаў і сеціўных публікацыяў, праз пра-расейскую адукацыю, супольную сістэму абароны дысертацыяў, непараўнальныя рэсурсы, што выдаткоўваюцца ў Расеі на зьвязаныя з гісторыяй справы й рэчы.
У Расеі выдатна разумеюць значаньне гісторыі для фармаваньня нацыянальнага сьветагляду, характару ўзаемадачыненьняў грамадзянаў, ляяльнасьці да краіны і дзяржавы, эмацыйнай мабілізацыі ў выпадку палітычнай патрэбы. Таксама разумеюць у Расеі й той уплыў, які можна аказваць на былыя савецкія рэспублікі, трансмітуючы расейскія гістарыяграфічныя мадэлі і міты навонкі Расеі. Фактычна канфлікт з Украінай быў цалкам абгрунтаваны праз фікцыйныя бяздоказныя абвінавачаньні ў “фашызме” і прыцягнутыя за вушы, перакручаныя гістарычныя зьвесткі з часоў Другой сусьветнгай вайны і паваеннага антысавецкага супраціву ў Заходняй Украіне. Тады спрацавалі даволі прымітыўныя і аглабельныя абвінавачаньні, якія праз расейскую тэлевізію і масавыя сродкі трансмітавалі таксама і ў Беларусь. Для больш адукаваных і абазнаных у гісторыі існуюць іншыя каналы індактрынацыі – сярод іх арганізацыя “Гістарычная праўда” (сайт http://www.istpravda.ru/bel/), што публікуе, прэпараваныя і адмыслова дазуючыя праўду, замоўчваньні й хлусьню, манаграфіі, зборнікі артыкулаў, зборнікі дакумантаў па тэме Другой сусьветнай вайны на абшары Ўсходняй Эўропы і былога СССР, праводзячы пра-расейскую, шавіністычную лінію досыць субтыльным, дыскрэтным чынам, і маніпулюючы эмоцыямі, зьвязанымі з трагічнымі падзеямі. Варта паўзірацца якія піруэты вапісваюць яны вакол такіх падзеяў як змова Молатава-Рыбэнтропа і расстрэл у Катыні. І афіцыйныя арганізацыі, навукоўцы ў Беларусі ахвотна супрацоўнічаюць у гэтым вялізным фальшэрскім праекце.
Гэтак-жа з пазыцыі, разьмешчанай звонку межаў Беларусі, разглядаецца і беларуская гісторыя 20-га стагоддзя. Падзеі бальшавіцкай рэвалюцыі датычна Беларусі “натуральна” прэзэнтуюцца праз тагачасную бальшавіцкую афіцыйную прапаганду, што не падпала амаль ніякай рэвізіі, а падзеі Другой Сусьветнай вайны ў Беларусі дасюль афіцыйна лічацца “Вялікай Айчыннай Вайной [Савецкага Народу]”, з ужываньнем сталінісцкага назову, хоць значная колькасьць беларусаў ды іншых жыхароў Беларусі не лічыла Саветы сваёй “айчынай”.
Безумоўна, такая прэзэнтацыя і рэцэпцыя гісторыі Беларусі ёсьць вынікам захаваньня палітычна-ідэалягічнага статусу-кўо часоў позьняга савецкага ладу, да якога краіну і яе гістарычную навуку збольшага павярнулі Лукашэнка і ягоныя дарадцы пасьля нядоўгае “гістарыяграфічнае вясны” канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў. І безумоўна, такое становічша ня будзе вечным. Сапраўды нацыянальная гістарыяграфія ў беларускай незалежнай дзяржаве, якая цяпер знаходзіцца пад уціскам, безумоўна выйдзе на шырокі прасьцяг, і запануе, раней ці пазьней.
Пытаньне ў тым, якой стане гэтая вызваленая беларуская гістарыяграфія, па якім шляху яна пойдзе. Якой мэце будзе служыць, шлях для якой тэлеалёгіі будзе праставаць. Натуральным узорам, як і ва ўсе амаль часы, было-б звяртаньне да гістарычнай навукі на Захадзе, у Вольным сьвеце. Але прыгледзімся зараз, што адбываецца на Захадзе, і як выглядаюць справы ў гістарычнай навуцы і выкладаньні гісторыі ў тых краях.
Найпершае, што кідаецца ў вочы – гэта тое, што ў трактаваньні гісторыі, яе напісаньні й выкладаньні адбыліся велізарныя, вызначальныя зьмены.
Ненацыянальная гісторыя зь яе націскам на прэзэнтаваньне дзеяньняў тых хто меў уладу і прымаў рашэньні, зь яе дэманстраваньнем дасягненьняў краіны й цывілізацыі – аб’ўляецца проста немаральнай. Цяпер націск робіцца на разгляд меншасьцяў ды маргіналізаваных групаў, і ўсіх несправядлівасьцяў, што яны перанесьлі збоку прыўладных групаў. Прычым гістарычныя падзеі разглядаюцца без уліку прынятых у той час паняцьцяў і настрояў, і маральная ацэнка даецца з пазыцыяў бягучага моманту 21-га стагоддзя, больш таго – з пазыцыяў левалібэральных, радыкальных тэорыяў. І гэта акурат тое, што немажліва абараніць перад простай аргумэнтацыяй на падставе лёгікі й здаровага сэнсу. Менавіта дзеля гэтага гістарычныя дыскусіі ў сучасных заходніх акадэмічных структурах штучна абмяжоўваюцца і закрываюцца. Гэтыя інстытуцыі ў падаўляючай бальшыні складзеныя з прыхільнікаў левалібэралізму і тых, што падтрымліваюць яго па розных прагматычных прычынах. І вось такая ідэалягізаваная гісторыя ствараецца, і пашыраецца, і выкладаецца ў школах і вышэйшых навучальных установах, выкарыстоўваецца журналістамі, адлюстроўваецца ў мастацкіх творах, становіцца грамадскімі пастулятамі.
Новая хваля ў гістарыяграфіі выліваецца ў “штудыі ідэнтычнасьці” й “міждысцыплінныя (міжсэкцыйныя) штудыі”. Назіраецца адмова ад нармальнага выпрабаванага катэгарыйнага і мэтадыястычнага апарату, адбываецца адвольнае стварэньне тэорыяў, што працуюць на “дабрачыннасьць”, “сацыяльную роўнасьць”, і пасьля пад іх падгінаюцца і падстрыгаюцца фактаграфічныя дадзеныя. У выніку ўся заходняя цывілізацыя апынаецца загрузлай у грахах, перадузятасьцях, і перакосах, у тым ліку—у “эўрацэнтрызме”. Уся дасюлешняя гісторыя, створаная на Захадзе, і напісаная, на думку прагрэсістаў, “здохлымі белымі мужамі”, і пра “здохлых белых мужоў”, аб’яўляецца імі хібнай і памылковай, а таксама – непрыдатнай для выкладаньня ў новым, мультыкультуральным і шматрасавым грамадстве. Агістарычны і анахраністычны падыход да разгляду і аналізу гістарычных падзеяў робіцца ўсё больш адметнай рысай штудыяў, якія прэтэндуюць на навуковасьць, і асабліва – на прагрэсыўнасьць.
Левыя акадэмічныя ідэі – тыя ж панурыя марксыстоўскія трызьненьні, зь якім добра абзнаёміліся за часы камуністычнага панаваньня, – цяпер аб’ехалі цэлы сьвет і вяртаюцца з іншага боку, прыбраныя ў новыя, фэцкія шаты – але ад тога ня менш панурыя. Таталітарнасьць, несвабода – тое, што высылае наперад тыя ў новых шатах ідэі. Розьніца пакуль у тым, што за “хібныя” гістарычныя пагляды раней пазбаўлялі свабоды й жыцьця, а цяпер, покуль што – толькі пасадаў ды фінансаваньня, што, дарэчы, працуе таксама досыць эфэктоўна на абмежаваньне акадэмічнай свабоды і плюралізму паглядаў.
І разам з тым новая генэрацыя дасьледчыкаў і акадэмікаў, некрытычна запазычваючы з захаду тэорыі, якімі хворы цяпер Захад – імкнецца інсталяваць іх у Беларусі, каб і ў нашай гаротнай старонцы было ня горай, “як у людзей”. А тое, што гэтая рэч ёсьць нядобрая і хворая, і яна – хоць паходзячы з Захаду – ня ёсьць прадстаўленьне ідэяў Захаду, Вольнага сьвету, але абэрацыя, патаптаньне гэтых ідэяў – ім не відавочна і наагул нябачна.
Можа часам падацца, што як “у людзей” пачынаюць зрынаць помнікі заснавальнікам і правадырам Амэрыкі, гэта цалкам рэзануе для беларусаў з патрэбай зрынаньня помнікаў Леніну, Калініну ды іншым камуністычным бонзам савецкіх часоў, што на тры амаль дзесяцігоддзі перажылі каляпс камунізму. Але паралель тут хібная і некарэктная, бо Дж. Вашынгтон і Т. Джэфэрсан, а нават Робэрт Лі і “Каменная Сьцяна” – Джэксан былі патрыётамі сваёй зямлі й баранілі яе, а не ўтапісцкай навалаччу што агнём і мечам усталёўвала таталітарную нялюдзкую сістэму.
З другога боку, на беларускую гістарыяграфічную сцэну выяжджае пакурочаная гістарычная квазі-тэорыя сучасных “ідэнтытэт-штудыяў” і “разнастайнасьці”, што стала дамінуючай у грамадскіх навуках Захаду за апошнія 5-10 год. Карані гэтай зьявы, прыйшоўшай з Вольнага Сьвету і цяпер дэфармуючай яго, палягаюць у тым самым сумна знаёмым марксізме, які збольшага працягвае панаваць у грамадскіх навуках у Беларусі. Як айфоны, хіпстарскіяфрызуры і фалафель, тая новапрыйшоўшая лявацкая мэтадалёгія грамадскіх навукаў робіцца паступова рэальнасьцю, фэцкай моднай прысутнасьцю ў Беларусі, а яе апанэнты выстаўляюцца як адсталыя нецікавыя неактуальныя рэтраграды, і часам як мала адрозныя ад тых прафэсыяналаў-гісторыкаў, што абслугоўваюць патрэбы цяперашняга аўтарытарнага кіраўніцтва.
Разам з тым заходняя прагрэсысцкая гістарычная навука можа ўтрымліваць элемэнты, мэтадычныя напрацоўкі, што пры пэўных умовах вартыя больш уважлівага разгляду і мажлівага дастасаваньня для разгляду і аналізу зьяваў і працэсаў беларускай гісторыі. Прыкладамі могуць быць “субалтэрн”-тэорыя з галіны разгляду каляніялізму, або пост-структуралісцкія мэтады ў аналізаваньні самага рознага кшталту гістарычных тэкстаў. Вартай і надзвычай каштоўнай ёсьць вусная гісторыя, і праца па зьбіраньні як мусіць быць нармалізаваная і пастаўленая на парадак дня і навуковых установаў, і асобных навукоўцаў і аматараў гісторыі.
Адным словам, шмат што можа ўгноіць глебу беларускай гістарыяграфіі, і самыя кур’ёзныя тэорыі могуць утрымліваць сэгмэнты, прыдатныя для аналізу гістарычных падзеяў. Але галоўнай і вызначальнай справай застаецца акрэсьленьне нацыянальнага кірунку для беларускай гістарыяграфі, і перанясеньне пачатку сістэмы каардынатаў беларускай гісторыі, і яе тэлеалёгіі – у Беларусь.
………………………………………………………………………………………….
Abstract
Vital Zajka: Where is Belarusian Historiography Headed, or is Belarusian Teleology Possible?
(web-magazine “ Kultura. Natsyja”, issue 27, April 2021, 16-26, www.sakavik.net)
The author of the article attempts to review the issue of why within Belarusian historiography, to this point and whether this be perceived conscientiously or not, lurks the old Russian-centered system of coordinates rather than viewing the majority of events and phenomena from a Belarusian-centered point of view. Why are such matters viewed from other analyses that gravitate toward Russia or some other abstract general human positions stressing denationalization rather than from the perspective of interests and desires existing within Belarusian territory itself? This matter is simply related to teleology, i. e. the sum total of purposes which seeks to pursue the creation and development of historiography, in this case – the matter of Belarusian historiography. At the present time the official historiography of Belarus, tied to the country’s state structures, continues to be almost fully subservient to the canons of past Soviet historiography and newly borrowed analyses of Russian historians, most of whom exist and function under the influence of chauvinistic ideology. On the other hand, a string of historians and authors, who write on historical themes, stand outside of today’s official historiography of Belarus and non-critically borrow from the analyses and tendency being demonstrated by leftist liberal sources within today’s Free World. It is becoming abundantly clear that there is an acute need for an independent Belarusian-centered point of view regarding historic events and phenomena developing within Belarus which any independent country and sovereign nation must and can have for itself. The true need to formulate a Belarusian-centered historiology and nationalistically-minded memory has been brought out by the latest events in Belarus when Belarusians en masse have stepped out in protest against their government’s falsified election results. They have chosen and used their own symbols of protest against their governing regime that perpetrated falsified presidential elections and continues to erroneously defile those symbols, casting defamatory charges onto the history of the Belarusian Independent Movement.
…………………………………………………………………………………………………….
Резюме
Виталий Зайка: Куда идет беларусская историография, или возможна ли белорусская телеология?
(веб-журнал «Культура. Нация», вып. 27, апрель 2021, 16-26, www.sakavik.net )
Автор статьи пытается рассмотреть вопрос о том, почему в беларусской историографии к этому моменту, и осознанно это или нет, скрывается старая российско-центрированная точка зрения, а не взгляд на большинство событий и явлений со стороны беларусов. Почему такие вопросы рассматриваются с точки зрения других анализов, которые тяготеют к России, или с некоторых других абстрактных общечеловеческих позиций, подчеркивающих денационализацию, а не с точки зрения интересов и желаний, существующих на самой беларусской территории? Это просто связано с телеологией, т.е. с совокупностью целей, которые преследуют создание и развитие историографии, в данном случае – беларусской историографии. В настоящее время официальная историография Беларуси, привязанная к государственным структурам страны, продолжает почти полностью подчиняться канонам советской историографии прошлого и недавно заимствованным анализам российских историков, большинство из которых существуют и действуют под влиянием шовинистической идеологии. С другой стороны, ряд историков и авторов, пишущих на исторические темы, стоят за пределами сегодняшней официальной историографии Беларуси и некритически заимствуют анализ и тенденции, демонстрируемые леволиберальными источниками в сегодняшнем Свободном мире. Становится совершенно очевидным, что существует острая необходимость в независимой беларусско-центрированной точке зрения на исторические события и явления, развивающиеся в Беларуси, которые любая независимая страна и суверенная нация должна и может иметь для себя. Истинная потребность в формировании беларусской историологии и национальной памяти была продемонстрирована последними событиями в Беларуси, когда беларусы в массовом порядке выступили в знак протеста против фальсификации результатов выборов их правительства. Они выбрали и использовали свои собственные символы протеста против своего правящего режима, который фальсифицировал президентские выборы и продолжает ошибочно осквернять эти символы, бросая клеветнические обвинения относительно истории Белорусского независимого движения.
………………………………………………………………………………………………………
Categories: Асьвета, Гісторыя, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ