Да 130-годдзя з дня нараджэньня Максіма Багдановіча:“Каб над Ай-Петры не смягла Венера – як пры Максіме – адна”. З успамінаў Сяргея Панізьніка

“Каб над Ай-Петры не смягла Венера – як пры Максіме – адна”

Узнёслая хада Максіма Багдановіча – прыхільніка не толькі беларускага, але і ўкраінскага нацыянальнага адраджэння – пазначана такімі вехамі.

У ліпені – верасні 1909 г. у львоўскім гадавіку “Літературно-науковий вістнік” была надрукавана нізка вершаў “З беларускай паэзіі”, падрыхтаваная перакладчыкам Мікітам Шапавалам (1882–1931). Акрамя купалаўскіх, ён пераклаў і два вершы М. Багдановіча “Над магілай” і “Прыйдзе вясна”. А сам М. Багдановіч перакладаў вершы Т. Шаўчэнкі, І. Франка, М. Кацюбінскага, В. Стэфаніка, В. Самійленкі і інш.

Пясняр – ён ваяр і гісторык, / і чорнарабочы, калі
становяцца светлыя творы / малітваю горкай зямлі

(з верша С. Панізніка “Паклон” у зб. “Мацярык”, 1984)

У 1914 г. выйшлі творы Максіма Багдановіча ў выдавецтве К.Ф. Някрасава: “Червоная Русь. Австрийские украинцы” (серыя “Библиотека войны”, № 8–9), “Угорская Русь” (№ 24), “Братья-чехи” (№ 28). У артыкуле “Львоў” (1914) Максім Багдановіч пісаў: “Львоў вельмі прыгожы і знакаміты. Ён угняздзіўся сярод гор, на адной з якіх, а непасрэдна на Замкавай гары, расце дзівосны парк”.

У 1919 г. пачаў выходзіць тыднёвік “Воля” (1919–1921), спачатку ў Львове, а потым – у Вене пад рэдакцыяй Андрэя Горленкі. У перакладзе на ўкраінскую мову Аляксея Ярэмчанкі там надрукаваны вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Алеся Гаруна. А. Ярэмчэнка змясціў у “Волі” ў верасні 1921 г. “Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры”. А ў 1922 г. у прыгарадзе Берліна – Шарлотэнбургу – выдаў на гектографе зборнік сваіх перакладаў пад назвай “Білорусь”. Там – 17  вершаў М. Багдановіча, 4 – Я. Купалы, 2 – Я. Коласа, па адным – А. Гаруна,  Зм. Бядулі, Г. Леўчыка.

І заўтра хтось яшчэ адзін абудзіцца, / забыўлівасці распілуе краты.
Святла – у спраты! Ажывайце, страты, / і ўсё, у што паверылі мы, збудзецца
(з верша С. Панізніка “Страты” ў зб. “Стырно”, 1989)

У 1924 г. у Кіеве украінскі паэт, неакласік, перакладчык, літаратуразнаўца, педагог, вучоны-славянавед Міхайла Драй-Хмара выдаў зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок” у сваім перакладзе,  з уступным артыкулам, каментарыямі і назваў яго “першай ластаўкай, што пераляцела з Беларусі на Украіну. Вязень “исправтрудлагеря” Міхайла Драй-Хмара (10.10.1889 – 19.01.1939) быў расстраляны на Калыме.

Будзь зямлёй святою, Баць-каў-шчы-на!
Сем дарожак з дому, дадому – адна
(з верша С. Панізніка “Сем дарожак з дому” ў зб. “Палявая пошта”, 1972)

Вясной 1909 г. Максім Багдановіч лячыўся ў Ялце (Аўтка, малочная ферма “Шалаш”). Летам 1915 г. лекаваўся ў Старым Крыме. Наведаў Кактэбель і Феадосію. У лютым 1917 г. зноў трапляе ў Ялту, назаўсёды.
      Ты ў сэрцы сваім спяліў золак роднага слова                   і застаўся ў шчаслівых днях вечным і сінім небам     

(С. Панізнік “Вечнаму сіняму небу Максіма Багдановіча”)

Ялцінскі “Шалаш” знаходзіўся на вуліцы Крымская, 2. Яе пераназвалі ў вуліцу М. Багдановіча. А на будынку былой малочнай фермы была ўсталявана мемарыяльная шыльда: “В этом доме в 1909 году жил белорусский поэт Максим Богданович. 1891–1917 гг.”. Побач, у Місхоры, у 1957 г. быў устаноўлены помнік работы Заіра Азгура з надпісам: “Выдатнаму беларускаму паэту Максіму Багдановічу (1891–1917)”. Помнік у 1959 г. стаў узнёслай аздобай парку пры санаторыі “Беларусь”.

З песняй кахання ўзнадзеіцца вера. / Промні пастукалі ў шыбу акна,
Каб над Ай-Петры не смягла Венера – як пры Максіме – адна
(з прысвечанай Максіму Багдановічу песні “Світальная зорка”, музыка Міколы Яцкова, словы Сяргея Панізніка)

У снежні 1989 г. у Ялце была ўстаноўлена мемарыяльная дошка з барэльефам і надпісам: “На этом месте находился дом, в котором жил (с марта по май 1917 г.) и умер 25 мая 1917 г. выдающийся белорусский поэт Максим Богданович”. На мітынгу ў гонар такой падзеі дошку адкрыў паэт Мікола Аўрамчык, выступілі скульптар Генадзь Мурамцаў, дырэктар музея М. Багдановіча ў Мінску Алесь Бяляцкі, паэт Сяргей Панізнік. На ялцінскіх гарадскіх могілках (сектар № 7) у 1924 г. быў пастаўлены помнік Паэту. У 2003 г. яго замяніў новы варыянт помніка, створаны Львом і Сяргеем Гумілёвымі.

А калі б так: апантаны турыст уздымаецца на старажытную вось гэтую Замкавую гару ў Львове і, прыпыніўшыся, учытваецца ў сціплы надпіс: “Тут адпачываў М. Багдановіч па дарозе з Аўткі ў Вільню”.
 

  Свяча бліскучая зіяе,
               Каб расступілася імгла…

                                             Максім Багдановіч

12 сакавіка 1966 г. у Львове было створана Беларускае зямляцтва імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Да студэнтаў-медыкаў далучыліся курсанты Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, навучэнцы кансерваторыі, паліграфічнага, гандлёва-эканамічнага інстытутаў. Спрыялі дзейнасці зямляцтва выкладчыкі ўніверсітэта І. Дэнысюк, У. Маторны, К. Трафімовіч. Была праведзена вечарына “Тут крокі іх, тут сэрцы засталіся”, дзе ішла гаворка пра творчасць Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, львоўскую прысутнасць Цёткі. Дапамаглі раскрыццю іх талентаў А. Сенатовіч, Р. Кудлык, Р. Лубкіўскі, В. Грабоўскі, У. Лучук, які назваў таварыства “беларускім  брацтвам”.

На планеце ля дзяржаўных вежаў  / весніцца сваяцкая душа, –
і няма  – у роўнасці – замежжа, /  і знікае – ў роднасці – мяжа

(з верша “Дзянніца-заранка” у зб. С. Панізьніка “Нас – многа!”, 2012)

75-годдзе з дня нараджэння  М. Багдановіча адзначылі ў Львове 9 снежня 1966 г. у будынку вучоных на вул. Міцкевіча, 6. Спрыялі святу Беларускае зямляцтва імя Цёткі, львоўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Украіны, клуб інтэрнацыянальнай дружбы на філалагічным факультэце Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. Франка. Іван Дэнысюк прачытаў змястоўны даклад, яго даследаванне біяграфіі паэта прадоўжыў С. Панізнік. Выступілі вучоныя і літаратары У. Маторны, К. Трафімовіч, А. Шмігельскі, М. Ільніцкі, І. Лазінскі, В. Калодзій, А. Сенатовіч, У. Лучук, Я. Паўлычка. Непасрэдна да свята новыя пераклады вершаў М. Багдановіча агучылі Р. Лубкіўскі, І. Сварнык, Я. Асечкін… Цёпла сустрэлі львавяне спецыяльна запрошаных пісьменнікаў з Мінска – Міколу Хведаровіча, Сцяпана Александровіча,  Анатоля Вярцінскага. Назаўтра разам з імі свята прадоўжылася ва ўніверсітэце.

   Мо кублы – гудуць стагоддзі.
          Хоць гарнец вазьмі ад кожнага, – / прыпамінамі свет напоўніцца
   (з верша С. Панізьніка “У краіну сінечы”, Львоў, 10.03.1966 )

26 студзеня 1967 г. у львоўскім клубе пісьменнікаў адбыўся вечар перакладу пад  назвай “Панарама беларускай паэзіі ХХ стагоддзя” – пры падтрымцы секцыі перакладчыкаў львоўскага аддзялення СПУ, абласнога Дома дружбы народаў і Бібліятэкі іншамоўнай літаратуры. Даклад падрыхтаваў С. Панізнік.  “Панарама…” аказалася змястоўнай дзякуючы навуковым аналізам У. Маторнага, К. Трафімовіча… А. Шмігельскі ўзгадаў свае сустрэчы з Янкам Купалам у Сочы. Выступалі А. Сенатовіч, У. Лучук, Я. Паўлычка, В. Калодзій, М. Ільніцкі, М. Пятрэнка, А. Валашчак.

   Малюю мару: з дзён былых паўстаў
       прызваны Дойлід з праведнай дзясніцаю.
          Пры ім не вартавыя на пастах,
              а мы – усе! – наш уявіўшы дах,
                  майструем Дом, зіркочучы зарніцамі

   (з верша С. Панізніка “Пра Дойліда”, Львоў, 25.12.1965 )

90-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча адзначылі 4 снежня 1981 г. у памяшканні абласной арганізацыі Украінскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Слова пра М. Багдановіча “Речник братерства” прамовіў Р. Лубкіўскі. А вось ў Львоўскай навуковай бібліятэцы імя В. Стэфаніка свята пачалося адкрыццём выставы “Співець братэрства”. Пасля уступнага слова Я. Стасюка прамаўлялі навукоўцы і літаратары І. Дэнысюк, Р. Лубкіўскі, М. Пятрэнка, І. Гушчак, В. Калодзежны, А. Сенатовіч, К. Бондар і, як паведаміла гарадская газета, “госці з братняй Беларусі – Валянціна Коўтун і Сяргей Панізнік”. У зале бібліятэкі прагучала песня кампазітара А. Кос-Анатольскага на словы М. Багдановіча “Маладыя гады”.
А ў Кіеве сябры Саюза пісьменнікаў Украіны адзначылі 90-гадовы  юбілей Максіма Багдановіча 28 снежня 1981 г.

16 студзеня 1992 г. Львоўская навуковая бібліятэка правяла “Літаратурна-навуковую акадэмію з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, прыхільніка ўкраінскага нацыянальнага адраджэння М. Багдановіча”. Працяг ушанавання Творцы адбыўся 19 сакавіка 1992 г.

Выдужалі словы і ў зазіме,
    Хвалі памаглі радочкі звіць.
       Суждана было табе, Максіме,
           Іх у новай песні ажывіць
   (радкі з верша Міколы Пятрэнкі “Сонца над песняю М. Багдановіча” (1981)      у перакладзе С. Панізніка)

З успамінаў С. Панізніка.



Categories: Асобы, Літаратура, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: