Слова рэдактара. Пётра Мурзёнак:  “Вяртаючыся да Чарнобыля” (вэб-часопіс “Kультура. Нацыя”, № 31, April 2023, 5-10, www.sakavik.net)

Пачаў пісаць прадмому да амаль гатовага 31-га нумара часопіса “Культура. Нацыя” менавіта 26 красавіка, у дзень калі ў 1986 годзе адбылася вялікая экалагічная катастрофа, якая стала яшчэ адным месіджам для чалавецтва пра наступныя “фукусімы” і холад пасляядзернай вайны.  Сапраўды, прайшло 37 год з дня катастрофы, якая здарылася ў суботу. А ўжо на другі дзень пасля яе, калі многія супрацоўнікі Акадэміі навук Беларусі (але яшчэ не ўсё насельніцтва) ведалі пра яе, я па выхадзе з працы ў Інстытуце фізіялогіі НАН Беларусі, адчуў на сваёй скуры ліпкія кроплі атрутнага радыяцыйнага дажджу і дзяржаўнага злачыннага маўчання пра аварыю. Далей былі візіты ў Чарнобыль і даследаванні эфектаў малых доз радыяцыі на жывыя арганізмы, якія праводзіліся і ў маім аддзеле прыкладной фізіялогіі.

Аднак, сёння расце ўжо другое пакаленне беларусаў і украінцаў – нацыі, якія найбольш пацярпелі ад яе наступстваў, і чым далей, тым болей гэта праблема адыходзіць на задні план.  Шмат чаго змянілася вакол Беларусі і далей у свеце, аднак, незаўважна значных істотных змен у самой краіне, дзе ўжо 29-ты год правіць дракон – у выглядзе “суседскага парсючка”, які выпадкова забег у наш агародчык і псуе, і топча там усё жывое – пасаджанае і нажытае беларускае.

Рэгулярнымі хвалямі каціліся адны за аднымі выбары ў прэзідэнты Беларусі за гэтыя гады – безнадзейныя – ды ўсё ж кожны раз з надзеяй. А раптам!?! Ды дракон усё больш упіваўся ў сваю ахвяру – у беларускі народ, які да гэтага часу ідзе з саўковай вяроўкай на шыі, накінутай Лукашэнкам – сатрапам каланіяльнай Расіі, у беларускі народ, які да гэтага часу ў значнай большасці не можа ўявіць сваё існаванне без “братэрскай імперскай Расіі”.

Аднак, гэта ж не адзіная прычына нашых няшчасцяў. Нерашучасць “памяркоўнага народа” можа працягвацца яшчэ доўга, хаця – вось жа украінцы – цярпелі-цярпелі, аднак, рашыліся.  Чаму так магло здарыцца ва Украіне, а не ў Беларусі? Таму, што ва Украіне ў апошнія дзесяцігоддзі ўсталёўваліся свабода думкі (1), дэмакратыя (2), і разумная ўрэшце эліта (3). У Беларусі ж, дзякуючы дракону, няма ні першага, ні другога. Што тычыцца нацыянальнай эліты (3), то яна ніяк не прыме да розуму, што трэба яднацца і працаваць разам. Да безумоўнага, на мой погляд, Нацыянальнага лідэра, Святланы Ціханоўскай, не хочуць далучацца былыя лідэры, якія знаходзяцца сёння на волі, але прайграўшыя па розных прычынах раней. Нават маючы заслужаны аўтарытэт з мінулага, яны не здольныя зрабіць такі крок з-за палітычнай блізарукасці, амбіцый, ці зайздрасці. Таму, ня маючы цэльную эліту, перамогі нам трэба яшчэ чакаць і чакаць. І толькі святло, якое ідзе з поўдня, з Украіны, дае надзею, што ў Беларусь могуць прыйсці змены – як і раней – пад уплывам знешніх сіл і абставін.

Пацверджаннем таму ёсць падзеі 1918 года, калі была абвешчана незалежнасць Беларускай народнай рэспублікі (БНР). БНР праіснавала толькі адзін год і былі не толькі аб’ектыўныя для таго прычыны, але і суб’ектыўныя, якія вынікалі з розных падыходаў і ідэй нацыянальнага будаўніцтва, а не з адзінай нацыянальнай ідэі, якую магчыма можна было б рэалізаваць нават у тых складаных умовах. Урокі тыя не былі вывучаны ні ў 2006, ні ў 2010, ні ў 2020 гадах. На жаль!

Тым не менш факел, запалены ў 1918 годзе гарыць, і пад ім мы адзначаем ужо 105-я ўгодкі ўтварэння БНР, і не пакідаем надзеі, што ідэалы БНР калі-небудзь рэалізуюцца. Таму і святкуем! У гэтым нумары, паважаныя чытачы, вы таксама знойдзеце матэрыялы, прысвечаныя 25-му сакавіка 1918 года (П.Мурзёнак, А. Логвін).

Як і раней, часопіс публікуе матэрыялы непасрэдна звязаныя з культурай і традыцыямі беларускай нацыі. М. Кенька прысвяціў артыкул беларускаму паэту У.Дубоўку – як перакладчыку, і даслаў таксама свае пераклады расказаў К.Чапэка. Т. Кенько даслала багаты матэрыял, прысвечаны Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі, як яго калекцыям, сармацкаму жывапісу, так і творчасці асобных мастакоў (Брюллов, Куинджи, Пукирев). Серыя артыкулаў, прысвечаных музею, пададзена ў арыгінальным фармаце – у выглядзе падарожжа па залах. Таксама серыю артыкулаў нам даслаў А. Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязяў (у Канадзе пад тэрмінам “індзейцы” маюцца на ўвазе прадстаўнікі “першых нацый\First Nations”, рэд.). На гэты раз яго артыкулы прысвечаны дзейнасці протаіерэя М. Грынкевіча і беларуска-індзейскай кампаратывістыцы.

У гэтым нумары часопіса мы працягваем тэму Першай сусьветнай вайны – на гэты раз артыкулам Т. Кенько, у якім даецца пералік многіх кніг сусьветнай літаратуры пра вайну стогадовай даўнасці. Часткова, гэта зроблена для таго, каб пазнаёміць беларускага чытача з літаратурай (прозай, вершамі), прысвечанай малавядомай і далёкай вайне, а па другое, правесці аналогію з вайной сучаснай, якая адбываецца на нашых вачах. Гэтай жа тэме прысвечаны і другі артыкул Т. Кенько пра ваенныя вершы, якія пісаліся рускімі і беларускімі паэтамі (З.Бядуля, А.Куляшоў), непасрэднымі ўдзельнікамі Першай сусьветнай вайны.

Рэдакцыя змясціла ў нумары невялікі, але шчыры верш Л.Карповіча, філатэліста і беларускага патрыёта, напісаны ім непасрэдна па сканчэнні міжнароднай канферэнцыі “Беларуская нацыя вачыма дыяспары і суайчыннікаў” (Атава, 12.11.2022).

І як заўсёды мы маем багата матэрыялаў ад нашага вельмі актыўнага і паважанага аўтара, паэта і грамадскага дзеяча – С. Панізьніка. Яго матэрыялы размешчаны ў розных рубрыках часопіса, што толькі падкрэслівае шырокі кругагляд і інтарэс аўтара да беларускіх традыцый, фальклору, яго цёплую і шчырую павагу да людзей, з кім б ён не сустракаўся. Тут, яго ўспаміны пра хроснага бацьку, Л.І.Кураша, шчырыя вясеннія віншаванні з хрысьціянскімі сьвятамі,  Вербніцай і Вялікаднем, з адпаведнымі гэтым святам вершаванымі народнымі мудрасцямі (“У бяседзе – суседзі”), запісы пра духоўную веліч землякоў і скарбы маўлення на міёрска-дзісненскім мацерыку (“Згукі роднага Прыдзвіння”). Узгадваючы магілёўскі перыяд свайго жыцця, калі сп.Панізьнік вучыўся на фельчара, ён падае не толькі свае “студэнцкія” вершы, але і некалькі сваіх малюнкаў!!! І нарэшце, С.Панізьнік дапоўніў у гэтым нумары распачатую ім раней рубрыку “Каляндар памятных дат”, дзе ён у вершах ці ў прозе адзначае ў сваім календары творцаў, якія маюць у гэтым 2023 годзе важныя даты.

Рэдакцыя вельмі ўдзячна ўсім аўтарам артыкулаў, а таксама сп.Вользе Ермалаевай-Франко, мастачцы і грамадскаму дзеячу, якая даслала сваю гравюру “Гуканне вясны”, змешчаную на першай старонцы часопіса. 

Рэдакцыя спадзяецца, што чытачам спадабаюцца матэрыялы 31-га нумара, як і папярэдніх ТРЫЦЦАЦІ нумароў часопіса “Культура. Нацыя”, выйшаўшых за 10 год яго дзейнасці (2013-2022). Будаўніцтва нацыі пачынаецца з сябе, з маленькіх кропелек і цаглінак, якія ўтвараюць ручайкі і рэкі, падмуркі і будынкі.



Categories: Аб'явы, Нацыя прачынаецца, Праект "РАЗАМ", Слова рэдактара

Пакінуць каментар